Аляксей Янукевіч: Праціўнікі нармалізацыі адносін з Захадам справакавалі гэты абсурд



Да рэпрэсіяў Аляксандра Лукашэнку падштурхнуў страх перад нарастаючай хваляй народных пратэстаў супраць Дэкрэту №3 аб дармаедах. А ўсе ведаюць, што  адным з асноўных палітычных інстынктаў  кіраўніка Беларусі з’яўляецца ўжыванне гвалту ў любой незразумелай сітуацыі, – лічыць старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

– Склалася, напэўна, у Аляксандра Лукашэнкі, я дапускаю, і не без дапамогі асобных сілавікоў, якія былі незацікаўленыя тым станам рэчаў, калі рэпрэсіі былі прыпыненыя. Думаю, безумоўна, не без іхняга ўдзелу, удзелу прарасейскай пятай калоны, у Аляксандра Лукашэнкі стварылася ўражанне, што сапраўду сітуацыя складаная, альбо можа пачаць хістацца. 

Самым надзейным сродкам забеспячэння ўстойлівасці ўлады з’яўляюцца, на думку Аляксандра Лукашэнкі, ціск на грамадства і рэпрэсіі, што мы, на жаль, зараз масава назіраем у Беларусі, – сказаў Аляксей Янукевіч. Але гэта ставіць пад пагрозу адносіны з дэмакратычным Захадам. Безумоўна, заходнія палітыкі вымушаныя будуць рэагаваць на рэпрэсіі ў Беларусі. І безумоўна, калі сітуацыя ў бліжэйшы час не будзе адкручана назад і нармалізаваная, стасункі з Захадам, дыялог з ім афіцыйнага Менску будзе моцна абмежаваны, – лічыць Аляксей Янукевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя