Аляксей Янукевіч: У нашых інтарэсах – максімальнае збліжэнне з Захадам



Адмова Аляксандра Лукашэнкі ехаць на саміт „Усходняга партнёрства” ў Брусель – гэта вялікая страчаная магчымасць для Беларусі, – лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Відавочна, што частка краінаў Еўрапейскага звязу зараз можа адчуць расчараванне.

– Была ясная прапанова, збоку немцаў нават ясныя дзеянні – спробы заангажаваць, то бок вельмі актыўныя запрашэнні прыехаць на гэты саміт для кіраўніка дзяржавы. І тое, што ён адмовіўся, я думаю, гэта можа прымусіць вялікую частку краінаў Еўрапейскага звязу і наогул еўрапейскія структуры забыцца на Беларусь, ці прынамсі пераставіць значна ніжэй нашую краіну ў сваім спісе прыярытэтаў.

Гэта вельмі кепска для Беларусі. Таму што збліжэнне з Еўразвязам – гэта адзіная альтэрнатыва інтэграцыі на Усход, у Расею, якая не нясе нічога добрага для Беларусі, – лічыць Аляксей Янукевіч. „У нашых нацыянальных інтарэсах максімальнае збліжэнне з Захадам. Пашырэнне з ім дыялогу, кантактаў, супрацоўніцтва. Але зараз гэта можа быць пастаўлена пад пагрозу. Таму такое рашэнне Аляксандра Лукашэнкі ўзмацняе пазіцыі Крамля ў Беларусі. Магчыма, яно і было інспіраванае і нават праплочанае Крамлём,” – кажа Аляксей Янукевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя