Аляксей Янукевіч: Ёсць пагроза новага этапу аншлюсу Беларусі Расеяй



У Сочы праходзяць перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Па меркаванні намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, ёсць вялікая небяспека, што расейскія ўлады ўзамен на крэдыты і іншую падтрымку будуць дамагацца ад кіраўніцтва Беларусі  яшчэ большай залежнасці ад Расеі.

„Вядома, Аляксандр Лукашэнка імкнецца на мінімальныя саступкі. Прычым як Крамлю, так і беларускаму грамадству. Аднак мы памятаем 2011 год, калі пагаршэнне стасункаў з Захадам пацягнула за сабой уключэнне Беларусі ў многія інтэграцыйныя ўтварэнні, дзе дамінуе Расея”, – кажа Аляксей Янукевіч:

– Мы пазбавіліся значнай часткі свайго суверэнітэту – у тым ліку вайсковага. Цяпер мы бачым, якая сітуацыя на міжнароднай арэне, то бок, рэжым фактычна ізаляваны. Ёсць шэраг краінаў – такіх як Расея, Кітай, якія працягваюць стасункі, але з вольным светам стасункі гэтыя абмежаваныя крытычна. Гэта можа пацягнуць за сабой новы віток так званай інтэграцыі, а фактычна новы этап паўзучага аншлюсу Беларусі Расеяй.

Таму для Партыі БНФ і ўсяго беларускага грамадства на першым месцы – захаванне незалежнасці. “Таксама мы заклікаем і вольны свет, і нашых партнёраў на Захадзе, аказаць ціск на Расею, каб прадухіліць выкарыстанне цяперашняга стану Беларусі дзеля таго, каб атрымаць кантроль над новымі часткамі беларускага суверэнітэту”, – падкрэсліў Аляксей Янукевіч.

Беларускае Радыё Рацыя