Больш за тысячу затрыманых на антыкарупцыйных акцыях у Расеі (абноўлена)



У Маскве на пратэснай акцыі 12 чэрвеня затрымалі 866 чалавек. Такія лічбы, па звестках на раніцу 13 чэрвеня, паведамляе «АУС-Інфа».

Затрыманых даставілі ў 42 маскоўскія аддзелы паліцыі, пасля чаго большасць з іх адпусцілі. Пры гэтым мінімум 32 чалавекі былі пакінутыя на ноч у 11 аддзелах.

Пры гэтым паліцыя афіцыйна паведаміла толькі пра 150 затрыманых у Маскве і пра 500 затрыманых у Санкт-Пецярбургу.

Як піша «АУС-Інфа», у 14 пецярбургскіх аддзелах паліцыі затрыманых пакінулі на ноч. Паводле звестак на 3 гадзіны ночы, там знаходзіліся 245 чалавек. Ці засталіся ўсе яны ў аддзелах да раніцы, не ўдакладняецца, піша meduza.io.

У дзясятках гарадоў Расеі прайшлі масавыя акцыі супраць карупцыі, арганізаваныя прыхільнікамі палітыка Аляксея Навальнага. Падчас акцыі Навальнага гучалі патрабаванні даць тлумачэнні тым фактам, якія выкладзеныя ў фільме «Он вам не Димон», і ў якім прэм’ера Мядзведзева абвінавачваюць у карупцыі. Самаго Навальнага затрымалі яшчэ ўдзень.

Расейская служба «Радыё Свабода» вяла жывую трансляцыю з пратэстаў:

– Сённяшні дзень выдатны, удалося ўзяць удзел у акцыі за незалежнасць Расеі, супраць карупцыі, супраць самавольства ўлады, якое адбываецца ў нашай краіне.

– Што мы бачым сёння. Кажуць, што гэта мітынгі супраць карупцыі. Карупцыя, гэта калі далі чыноўніку грошы, каб ён паклаў асфальт у сваім горадзе, а ён яшчэ ўзяў і сабе на дачы паклаў. Вось гэта карупцыя. А калі справа вядзецца аб 70 мільярдах, калі справа вядзецца пра такія вялізныя сумы, гэта ўжо не карупцыя, давайце такія рэчы называць сваімі імёнамі, – гэта генацыд. 

У Маскве, паводле апошніх дадзеных, затрыманыя 600 чалавек, у Санкт-Пецярбургу – каля 300. Паліцыя ўжывала сілу. У іншых гарадах Расеі таксама праходзілі затрыманні, аднак не такія масавыя.

Беларускае Радыё Рацыя