Амбасада: ЗША з 1991 падтрымлівалі Беларусь на шляху да дэмакратыі



ЗША разлічваюць на далейшае ўмацаванне двухбаковых адносінаў з Беларуссю, гаворыцца ў паведамленні, якое ў сераду апублікавала амерыканская дыпмісія ў Менску.

1026734373

Раней МЗС Беларусі ў сувязі з 25-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і ЗША выказаў надзею, што далейшыя адносіны паміж дзвюма краінамі стануць фактарам нармалізацыі міжнароднай сітуацыі і ўмацавання бяспекі на ўсходзе Еўропы.

Амерыканская дыпмісія ў сваю чаргу адзначыла, што ЗША спадзяюцца на ўмацаванне адносін з Беларуссю на карысць узаемных інтарэсаў і з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін ў 1991 годзе Злучаныя Штаты падтрымлівалі суверэнітэт і незалежнасць рэспублікі на шляху да дэмакратыі.

У заяве амбасады гаворыцца і пра тое, што Беларусь і ЗША разам працавалі над умацаваннем бяспекі ў Еўропе і ўсім свеце. У 2008 годзе ЗША і Беларусь скарацілі штат амбасадаў у дзвюх краінах да пяці чалавек пасля таго, як у дачыненні да Беларусі Штаты ўвялі эканамічныя санкцыі. На фоне садзейнічання Менска ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту адносіны дзвюх краін палепшыліся, ЗША прыпынілі шэраг санкцый. Аляксандр Лукашэнка ў верасні адзначыў, што пасол ЗША ў Беларусі можа з’явіцца пасля прэзідэнцкіх выбараў у Штатах.

Sputnik.by