Амбасадар Беларусі абмеркаваў з кіраўніком МЗС Егіпта пытанні супрацы



Амбасадар Беларусі ў Егіпце Сяргей Цярэнцьеў 15 кастрычніка ўручыў копіі даверчых грамат намесніку міністра замежных спраў гэтай краіны Хатэму Тагельдзіну.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, „падчас сустрэчы бакі адзначылі дасягнуты высокі ўзровень беларуска-егіпецкага супрацоўніцтва і ўзаемную гатоўнасць працаваць над яго далейшай актывізацыяй, а таксама коратка абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня”.

Нагадаем, 4 верасня ў Менску на сустрэчы з першым намеснікам міністра гандлю і прамысловасці Егіпта Ахмедам Антэрам прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што Беларусь і Егіпет павінны зняць бар’еры ва ўзаемным гандлі.

„Наш тавараабарот летась склаў 108 млн долараў ЗША. Калі ў чэрвені быў візіт прэзідэнта Егіпта ў Беларусь, мы абмяркоўвалі, што патэнцыял далёка не вычарпаны. Разлічваем, што ў найбліжэйшыя некалькі гадоў мы здолеем падвоіць, а то і патроіць гэты тавараабарот. Вядома, для гэтага мы павінны ліквідаваць бар’еры ў нашым гандлі, якія, на жаль, яшчэ застаюцца паміж нашымі краінамі”, — цытавала Румаса прэс-служба ўрада.

Паводле слоў прэм’ера, Беларусь займае пазіцыі лідара ў рэгіёне ў галіне інфармацыйных тэхналогій і гатовая супрацоўнічаць з Егіптам у гэтай сферы. Акрамя таго, важным напрамкам узаемадзеяння можа стаць супрацоўніцтва ў пастаўках беларускай фармацэўтычнай прадукцыі. Разам з тым беларускі бок сутыкнуўся з цяжкасцямі ў рэгістрацыі асобных відаў медыцынскіх прэпаратаў, якія запатрабаваныя ў Егіпце.

Паводле звестак беларускай статыстыкі, экспарт у Егіпет у першым паўгоддзі 2019 года склаў 56,01 млн долараў (154% да аналагічнага перыяду мінулага года), імпарт — 18,85 млн долараў (101,9%). Сальда ўзаемнага гандлю склалася дадатнае для Беларусі ў 37,16 млн долараў. Аснову экспарту склалі пастаўкі паўфабрыкатаў з нелегіраванай сталі, рэнтгенаўскай апаратуры, трактароў і седлавых цягачоў, полікарбонавых кіслот і іх вытворных, калійных угнаенняў, частак і прылад для аўтамабіляў і трактароў, шын, газетнай паперы. Беларусь імпартуе з Егіпта цытрусавыя плады, свежую, кансерваваную, замарожаную агародніну і садавіну, лекавыя сродкі, адзенне, тэкстыль.

belapan.by