Амбасадар Францыі Нікаля дэ Лакост запісаў пасланне беларускаму народу 



Амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лакост, які з’ехаў з Беларусі, запісаў пасланне беларускаму народу на сайце пасольства Францыі. У ім дыпламат выказаў шкадаванне, што яму разам з жонкай прыйшлося пакінуць Беларусь.

Нікаля дэ Лакост нагадаў, што Францыя не прызнала вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі і што ён асабіста не ўручаў свае даверчыя граматы:

– Францыя не прызнала вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, і я не ўручыў даверчыя граматы. Мы правялі тут няпростыя, але незабыўныя дні. Было шмат прыгожых і каштоўных сустрэч і адкрыццяў. Мы ўбачылі шмат людзей – смелых і моцных духам. Мы з маёй жонкай адчулі хараство Беларусі і беларусаў. 

На думку старшыні Нацыянальнага Антыкрызіснага Упраўлення Паўла Латушкі, рэжым Беларусі, высылаючы з краіны амбасадара Францыі, ідзе на адкрыты канфлікт як з суседнімі краінамі, так і з вядучымі ў сусветнай палітыцы дзяржавамі:

– Рэжым фактычна пачаў дыпламатычную вайну ў адносінах да адной з ключавых дзяржаў у свеце – Францыі. Якая, дарэчы, з 1-га снежня прымае на сябе абавязкі старшынства ў ЕЗ.

МЗС Беларусі ў панядзелак паведаміла, што Нікаля дэ Лакост пакінуў Менск. У лістападзе 2020 года ён прыехаў у краіну ў якасці прызначанага пасла Францыі, а ў снежні ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі.

У сувязі з гэтым, як тлумачыцца ў паведамленні, МЗС вымушана было паведаміць французскім партнёрам аб заканчэнні тэрміна згоды на прызначэнне Нікаля дэ Лакоста, якое ўлады Беларусі выдалі раней.

Па некаторых звестках у Парыжы разглядаецца падыход, што амбасадар Францыі, магчыма, працягне сваю місію ў інтарэсах развіцця адносінаў паміж Францыяй і беларускім грамадствам з Вільні. Плануецца, што з Вільні таксама будзе працаваць і амбасадарка ЗША Джулі Фішэр.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: by.ambafrance.org