Амерыканскія рэспубліканкі ініцыявалі раскрыццё ўсіх рахункаў Пуціна



Рэспубліканкі з Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Эліс Стэфанік і Вальдэс Дэмінгс распрацавалі законапраект „Аб празрыстасці ў дачыненні Уладзіміра Пуціна” (Vladimir Putin Transparency Act). Ён абавязвае выведку дакласці Кангрэсу пра асабістыя багацці і тайнае фінансаванне расейскага прэзідэнта. Дакумент  апублікаваны на сайце Дэмінгс.

Мэта праекту – „даць больш жорсткі адказ на расейскае ўмяшальніцтва шляхам выкрывання карупцыі Пуціна”. „Лепшы спосаб наступу на ўладу Пуціна і яго прыспешнікаў – выяўленне незаконных і сакрэтных фінансавых плыняў, за кошт якіх яны функцыянуюць”, – падкрэсліла Дэмінгс. Стэфанік, сваім парадкам, назвала Пуціна „палітычным зладзеем, які працуе на падрыў дэмакратый”.

Законапраект абавязвае кіраўніка нацыянальнай выведкі цягам паўгоду прадставіць профільным камітэтам Кангрэсу падрабязны даклад пра ўсе рахункі, бізнес-інтарэсы, нерухомасць і іншую ўласнасць Уладзіміра Пуціна і яго сям’і, у тым ліку аформленых на падстаўныя кампаніі і асобы. У дакладзе павінна быць указана, якія расейскія палітыкі і алігархі граюць ключавую ролю ў пуцінскіх карупцыйных схемах.

Выведка ЗША павінна скіраваць дадатковыя рэсурсы на выяўленне схем, якія дазваляюць „расейскаму карумпаванаму палітычнаму класу хаваць накрадзеныя грошы”. У законапраекце падкрэсліваецца, што крадзёж і карупцыя дазваляюць пуцінскаму рэжыму не толькі ўзмацняць унутрыпалітычны кантроль, але і праводзіць агрэсіўную знешнюю палітыку.

Іншая версія законапраекту „Пра абарону амерыканскай бяспекі ад агрэсіі Крамля” (DASKA), унесенага ў Сенат у сярэдзіне лютага, таксама прадугледжвае складанне дакладу пра асабістую маёмасць Пуціна.

Беларускае Радыё Рацыя