Amnesty International заклікала ўлады Беларусі забяспечыць свабоду мірных сходаў
Amnesty International выступіла з заявай, у якой чарговы раз заклікае ўлады Беларусі адмовіцца ад прымянення Узброеных сілаў у падаўленні мірных акцый пратэсту, якія могуць адбыцца ў сувязі з правядзеннем выбараў прэзідэнта 9 жніўня.
Яшчэ 24 ліпеня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў, што гатовы ўжыць Узброеныя сілы для «навядзення парадку» і падаўлення вулічных пратэстаў і дэманстрацый. Гэтая заўвага была зробленая ў кантэксце прызначаных на 9 жніўня прэзідэнцкіх выбараў, у якіх дзейны кіраўнік дзяржавы будзе ў шосты раз прэтэндаваць на перавыбранне.
У апошнія тыдні па краіне пракацілася хваля масавых пратэстаў супраць парушэнняў на выбарах. Усе гэтыя акцыі праходзілі мірна, за выключэннем тых выпадкаў, калі ўлады жорстка іх разганялі і справакавалі такім чынам асобныя інцыдэнты прымянення гвалту.
Пагроза прымяніць войска супраць палітычных апанентаў – гэта безразважны і безадказны крок, які можа прывесці да трагедыі і значных парушэнняў правоў чалавека. Беларускія ўлады павінны рашуча адкінуць такія ідэі. Замест гэтага ім варта паклапаціцца пра тое, каб міліцыя выкарыстоўвалася толькі ў законных мэтах і ў адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам дапамагала, а не замінала рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў, – гаворыцца з звароце «Міжнароднай амністыі».
Беларускае Радыё Рацыя
