Аналітык: Увязаўшыся ў вайну ў Сірыі, Расея ўлезла ў вайну рэлігійную



„Ніводная расейская ўстанова па ўсім свеце не можа пачуваць сябе ў спакоі пасля ўмяшальніцтва Масквы ў сірыйскую сітуацыю”, – так стваральнік і каардынатар аналітычнага праекту Belatrus Security Blog пракаментаваў нашаму радыё наступствы тэракту ў турэцкай сталіцы, дзе на адкрыцці фотавыставы быў забіты расейскі пасол у Турцыі Андрэй Карлаў.

Андрэй Паротнікаў падкрэслівае, што, па-першае, гэтая жахлівая падзея «з вялікім задавальненнем і натхненнем будзе сустрэта так званай «суніцкай вуліцай», перш за ўсё «арабскай вуліцай». «Бо ўлезшы ў вайну ў Сірыі, Расея фактычна ўлезла ў вайну рэлігійную, бо супрацьстаянне паміж шыітамі і сунітамі цягнецца стагоддзямі і пакуль застаецца невырашальным», – сказаў аналітык.

Будуць і іншыя наступствы, кажа Андрэй Паротнікаў.

– Другі момант, як мне здаецца, вельмі важны, фактычна гэта дэманстрацыя бунту адзіночкі, які можа быць успрыняты як гераічны ўчынак вельмі вялікай колькасцю людзей у мусульманскім свеце. І, адпаведна, можа справакаваць жаданне недзе паўтарыць гэта яшчэ.

На думку Андрэя Паротнікава, дзеянні былога паліцэйскага, забойцы-адзіночкі Меўлюта Мерта Алтынташа, з вялікай верагоднасцю могуць паўтарыцца ў краінах арабскага свету альбо ў краінах з вялікай мусульманскай дыяспарай.

– І расейскія дыпламатычныя ўстановы, і нейкія камерцыйныя ўстановы, і грамадзяне Расеі, якія знаходзяцца ў мусульманскіх краінах, могуць разглядацца шмат якімі радыкаламі як мішэнь для наступных нападаў па такой жа прыкмеце. То бок, радыкалізаваны чалавек, які не звязаны наўпрост ні з якой тэрарыстычнай арганізацыяй, проста па ідэалагічнай матывіроўцы ідзе і забівае іншых людзей.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін даручыў узмацніць ахову расейскіх дыпмісій у Турцыі і запатрабаваў гарантый ад турэцкага боку па забяспячэнні бяспекі расейскіх дыпламатаў.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота The Australian