Анархіст Паліенка выйшаў на волю



Дзмітрый Паліенка 25 ліпеня выйшаў на волю. Інфармацыя пра гэта спачатку з’явілася ў ананімных тэлеграм-каналах, а затым яе пацвердзіла жонка актывіста анархісцкага руху Анастасія Паліенка.

8 ліпеня суд Першамайскага раёна Мінска арыштаваў Паліенку на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Прычынай прыцягнення да адказнасці стала фатаграфія з каструляй, якую ён выклаў у сацыяльных сетках. Сведка — супрацоўнік Першамайскага РУУС — нібыта ўбачыў пост на старонцы Паліенкі з заклікам да ўдзелу ў флэшмобе.

21 ліпеня жонка Паліенкі запісала відэазварот, у якім выказала занепакоенасць яго здароўем і жыццём.

Паводле слоў Анастасіі Паліенкі, Дзмітрый знаходзіцца ў адзіночнай камеры ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна і ўжо 15 сутак трымае галадоўку. Ён просіць выклікаць хуткую дапамогу, але мясцовы ўрач пасля вымярэння ціску і тэмпературы заявіў, што ўсё ў парадку. Каб выклікалі хуткую, Паліенка рабіў спробы „нашкодзіць сабе”.

Анастасія паведаміла, што атрымлівае інфармацыю пра мужа толькі ад тых, хто выходзіць з ЦІП. Ні яна, ні адвакат не могуць атрымаць яе афіцыйным шляхам.

25 кастрычніка 2019 года Мінскі гарадскі суд прызнаў Паліенку вінаватым у асабліва злосным хуліганстве (ч. 3 арт. 339 КК) і прыгаварыў да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Па амністыі 2019 года пакаранне скарацілася на год. Паліенку таксама прызначылі прымусовае лячэнне ад алкагалізму. 14 лютага гэтага года Вярхоўны суд пакінуў прыгавор у сіле.