Анатоль Лябедзька: Беларусь трапляе яшчэ ў большую залежнасць ад Масквы



Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў, што зменіцца ў стасунках паміж Беларуссю і Расеяй пасля падпісання беларускім бокам Мытнага кодэкса ЕАЭС.

Анатоль Лябедзька: Думаю, гэта тая сітуацыя, калі таго, хто вельмі ганарыцца тым, што яго не нахіляюць, усё-такі нахілілі. Навошта было баламуціць сітуацыю заявамі, што “нашы інтарэсы не захаваны”, “будзем змагацца да апошняга”, а затым ціха ў кулуарах падпісваць гэты дакумент? Гэта яшчэ раз даказвае, што, на вялікі жаль, беларуская эканоміка з’яўляецца закладніцай палітыкі. Таму падпісанне Мытнага кодэкса – больш палітычны крок. А тое, што тычыцца эканомікі, яно па сутнасці не працуе. Нават тыя дакументы, якія раней тычыліся эканамічнай сферы, нядзейсныя, якую б сферу мы не ўзялі. Гэта і сітуацыя з энерганосьбітамі, з сельскай гаспадаркай, з банкаўскай сферай… Усё тое самае было раней і захоўваецца сёння. Таму казаць, што варта чакаць нейкага прарыву ў эканамічнай сферы, не даводзіцца. На сённяшні дзень тыя, хто ўваходзіць у Мытны саюз, у большай ступені банкруты. А Беларусі вельмі важныя зараз двухбаковыя стасункі – як на Захадзе так і на Усходзе. Праз гэта і трэба ствараць умовы для развіцця нашай эканомікі.

РР: Наколькі вядома, у Беларусі пра падпісанне дакумента абвясцілі не адразу. Чаму?

Анатоль Лябедзька: Таму што раней жа беларускі кіраўнік адмовіўся падпісваць Мытны кодэкс, быў такі своеасаблівы дэмарш. Зараз падпісалі, але ж, як мне падаецца, хваліцца асабліва не было чым. Дакумент падпісаны на ўмовах, якія былі сфармуляваны Масквой. Калі б афіцыйны Менск адваяваў нейкія пазіцыі, можа абвясцілі б пра перамогу, але, відаць, падпісалі той стары дакумент, які і раней прапаноўваўся.

РР: Магчыма, зараз спыняцца розныя гандлёвыя войны паміж Расеяй і Беларуссю?

Анатоль Лябедзька: Беларуска-расейскія адносіны – гэта суцэльны туман. Галоўны вынік перамоваў Пуціна і Лукашэнкі – гэта тое, што перамовы будуць працягвацца. А што даў Крэмль пасля перамоваў? Ён даў грошы, каб Беларусь вярнула іх Расею за старыя даўгі. Гэта значыць, што мы трапляем яшчэ ў большую залежнасць ад Масквы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя