Анатоль Лябедзька: Будзе рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі



Цікавасць да падзеяў у Беларусі сярод еўрапейскіх палітыкаў значна ўзрасла, — кажа кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

У складзе прадстаўнікоў Беларускай правацэнтрысцкай кааліцыі ён удзельнічаў у кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі.

Па яго словах, адным з вынікаў працы беларускай дэлегацыі стала тое, што рэзалюцыі Еўрапейскага парламенту па Беларусі — быць. Для гэтага прыйшлося шмат тлумачыць калегам з Еўропы,  што стаіць за акцыямі пратэсту ў Беларусі. «Гэта банкруцтва палітычнай і эканамічнай мадэлі Аляксандра Лукашэнкі», — кажа Анатоль Лябедзька.

— Мы гаварылі, што стратэгія, якую прыняў Брусель у адносінах да Беларусі, усё ж такі не мае такога грунтоўнага падмурку, яна вельмі хісткая. Тое, што раскрылі абдымкі для Лукашэнкі, гэта было зроблена заўчасна. Усё ж такі патрэбная мапа пакрокавых дзеянняў і крокаў. калі сюды ідзе дапамога, дык яна павінна ісці для людзей, а не для чыноўнікаў. Адным з вынікаў нашай паездкі з’яўляецца тое, што рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі быць і ўжо ў гэты чацвер яна будзе разглядацца.

І тут шмат што залежыць ад Еўрапейскай народнай партыі, якая ў Еўрапарламенце мае самую вялікую фракцыю. „Мы пераканалі ўсіх, хто яшчэ сумняваўся, што такая рэзалюцыя патрэбна. Патрэбна вельмі яснае пасланне, што ўсе затрыманыя павінны быць вызваленыя, рэпрэсіі мусяць быць прыпыненыя”, — падкрэсліў Анатоль Лябедзька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя