Анатоль Лябедзька: Галоўнае сёння пытанне – свабода выбараў



Прыярытэтныя накірункі працы на бліжэйшыя два гады прынятыя на другім паседжанні форуму палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Ён праводзіцца ў рамках дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі. Імі выбраны праблемы адукацыі і свабоды сродкаў масавай інфармацыі. Накірунак, які тычыцца свабоды выбараў у Беларусі, адхілены бальшынёй з 15 удзельнікаў паседжання. За яго прагаласавалі толькі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, „Справядлівага свету” і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Па мерканню старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, гэта адлюстроўвае розные погляды апазіцыі на ролю самаго форуму.

– Мы па-рознаму ацэньваем гэтую пляцоўку, у чым яе прызначэнне. На каго і на што дзейнасць павінна арыентавана? Большасць структур, якія там сабраныя разам з экспертамі БІСС, лічаць, што галоўнае, на каго скіраваная дзейнасць гэтай пляцоўкі, – гэта ўлада. І на што павінна быць зарыентавана дзейнасць? Я так разумею, па выніках двух паседжанняў, на нейкія касметычныя змены.

Анатоль Лябедзька сказаў што важнымі з’яўляюцца ўсе 6 вызначаных раней тэмаў. Гэта адукацыя, пенсійная рэформа, зона вольнага гандлю з Еўразвязам і іншыя. „Але мы настойваем, каб дзейнасць форуму была прынцыпова скіравана на змены, якія прынясуць станоўчыя вынікі для грамадзян Беларусі. І адзін з важнейшых накірункаў – гэта выбарчая сістэма. Неўключэнне гэтага накірунку ў лік прыярытэтных прымушае нашу партыю задумацца аб мэтазгоднасці ўдзелу ў форуме. Пытанне аб гэтым у бліжэйшы час разгледзіць палітрада АГП”, – сказаў Лябедзька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя