Анатоль Лябедзька: Мінусаў больш, чым плюсаў
20 гадоў улады Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі – гэта час неспраўджаных надзей, – кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, зараз апазіцыйны палітык. 20 год таму ён уваходзіў у каманду Лукашэнкі, якая і прывяла яго да ўлады.
Анатоль Лябедзька:
– На той час былі чаканні не толькі ў Анатоля Лябедзькі, яны былі ў падаўляючай большасці насельніцтва Беларусі. 80% людзей, якія галасавалі за Лукашэнку, рабілі гэта абсалютна шчыра. Тады ў Лукашэнкі быў карт-бланш на дзеянні пры такой падтрымцы. І былі чаканні пераменаў, пераменаў пазітыўных. Па сканчэнні 20 гадоў мы прагматычна можа ацэньваць, што чаканні не толькі мае, але і значнай часткі грамадства, не спраўдзіліся.
Безумоўна, па некаторых накірунках за 20 гадоў краіна прасунулася наперад. У той жа час Беларусь пры Лукашэнку стала першай у свеце па спажыванню алкаголю, увайшла ў дзясятку па тэмпах інфляцыі, эканоміка працуе выключна на допінгах расейскіх энерганосьбітаў і пры гэтым знешняя запазычанасць дасягнула 50 працэнтаў валавага ўнутранага прадукта, суверэнітэт кволы і перспектывы няясныя. Таму мінусаў больш, чым плюсаў, – лічыць Анатоль Лябедзька.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
