Маці зніклага Дзмітрыя Завадскага чакае грунтоўнага расследавання



1373259099_5Споўнілася 14 год з дня выкрадання журналіста, тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага. Па словах яго маці Вольгі Завадскай, для яе і зараз гэта вельмі сумны і цяжкі дзень. „Час лечыць, але мая рана не загаілася”, – кажа жанчына. – Гэта вельмі сумны і хвалюючы дзень. Бо ў гэты дзень вельмі востра адчуваеш тую страту, несправядлівасць, бездапаможнасць, якая вакол цябе, і ты знаходзішся нібы ў вакууме, бо, у прынцыпе, падтрымаць няма каму. Дзякуй людзям, якія памятаюць пра зніклых людзей і нагадваюць пра іх не толькі грамадскасці, але і людзям за мяжой, нагадваюць пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Пакуль нельга сказаць, што справа пра выкраданне Дзмітрыя Завадскага расследавана, кажа Вольга Завадская. Мы не ведаем праўды, нягледзячы на тое, што яшчэ ў 2002 годзе былі асуджаныя былыя спецназаўцы Валерый Ігнатовіч і Максім Малік, якія быццам яго выкралі. Але яны сваёй віны не прызналі. І аб’ектыўных доказаў іх віны ў судзе фактычна не было агучана. Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя * * * Cёння, 7 ліпеня, спаўняецца дакладна 14 гадоў з таго часу, як пры нявысветленых абставінах, па дарозе у менскі аэрапорт, знік тэлеаператар “ОРТ” і сябра Беларускай Асацыяцыі Журналістаў – Зміцер Завадскі. Лідар партыі АГП Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што ў выпадку Завадскага ды іншых зніклых, да часу змены ўлады, сапраўдных заказчыкаў злачынстваў – ня знойдуць.

Анатоль Лябедзька:

– Мы ведаем, мы здагадваемся, хто за гэтым стаіць. Але і забойцы, і арганізатары, і тыя, хто замаўляў, – на волі. Гэта палітычныя забойствы. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Усё роўна прыйдзе той час, калі будуць адкрытыя судовыя працэсы і ўсё будзе растаўлена па паліцах. Толькі, на вялікі жыль, гэта будзе не пры гэтай уладзе.

Справа знікнення Завадскага некалькі разоў прыпынялася і зноў аднаўлялася. 12 гадоў таму менскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні журналіста некалькіх супрацоўнікаў спецпадраздзялення “Алмаз”.

27 лістапада 2003 года суд прызнаў зніклага журналіста памерлым, хаця яго цела так і не знайшлі.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]