Анатоль Лябедзька прыме ўдзел у саміце лідараў Еўрапейскай народнай партыі



Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прыме ўдзел у саміце лідараў Еўрапейскай народнай партыі, які адбудзецца 22 чэрвеня ў Бруселі.

Як паведаміў БелаПАН палітык, у саміце будзе прымаць удзел „усё еўрапейскае кіраўніцтва”, у прыватнасці старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск, старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер. Таксама, паводле яго слоў, чакаецца прыбыццё канцлера Германіі Ангелы Меркель і іншых лідараў краін ЕЗ.

Лябедзька спадзяецца, што ў яго „будзе магчымасць сказаць некалькі слоў пра Беларусь”. Ён мае намер акцэнтаваць увагу на тым, што краіне „патрэбныя свабодныя выбары па стандартах АБСЕ, адсутнасць палітычных зняволеных і правядзенне эканамічных рэформаў”.

Палітык таксама паведаміў, што беларускага пытання ў парадку дня саміту няма, але „ёсць магчымасць прыняць удзел у дыскусіі”.

Еўрапейская народная партыя — правацэнтрысцкая агульнаеўрапейская палітычная партыя, заснаваная ў 1976 годзе. Уключае ў сябе хрысціянска-дэмакратычныя і кансерватыўныя партыі краін Еўропы. ЕНП — адна з найбуйнейшых партый Еўропы, прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Еўрасаюза, а таксама ў Савеце Еўропы.

belapan.by