Анатоль Лябедзька: Спрабуюць пераканаць сябе і грамадства…



Палітык Анатоль Лябедзька падзяліўся сваімі ўражаннямі ад так званага „Усебеларускага народнага сходу”, які прайшоў у Менску.

Анатоль Лябедзька: Сход, які праводзіць рэжым, – гэта ксеракопія таго, што было раней. Хаця на некаторыя новыя моманты я звярнуў увагу.

Па-першае, было шмат маніпуляцый, недакладнасцей і хлусні. Рэжым спрабуе пераканаць сябе і грамадства ў тым, што нехта рыхтаваў нейкія планы ў Беларусі, каб звергнуць кіраўніцтва. І гэта няпраўда. Асабліва, калі спрабуюць сказаць, што гэта Захад і Амерыка рыхтавалі такія планы.

Нескладана ж прааналізаваць сітуацыю, якая была напачатку мінулага году. А мы бачым, што з розных еўрапейскіх інстытуцый гэты рэжым атрымаў каля 2 мільярдаў еўра. Гэтыя грошы давалі тыя, каго сёння Лукашэнка абвінавачвае ў бліц-крыгу і мецяжы. Гэтыя грошы ішлі на ўмацаванне сістэмы, якую будаваў Лукашэнка, а не на яе разбурэнне. Ішлі не апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а рэжыму.

РР: Рэжым не хоча прызнаваць, што народ выступіў супраць яго?

Анатоль Лябедзька: Не хоча прызнаваць тое, што пратэсты – гэта вынік дзейнасці рэжыма, і тое, што віна за ўсё тое, што адбываецца ў краіне сёння, найперш ляжыць на ім. А ўсе планы – гэта дзеянні беларусаў, якім надакучыла жыць у хлусні і ў гэтай сістэме.

І яшчэ адзін новы момант. Лукашэнка ўпершыню публічна сказаў, што ён хацеў бы мець гарантыі бяспекі. Ён казаў пра сваіх прыхільнікаў, але, відаць, найперш меў на ўвазе сябе і сваё бліжэйшае атачэнне. Гэта сведчыць пра тое, што сёння рэжым не лічыць сябе абсалютным пераможцам, ён ведае, што перамога трымаецца толькі на штыках. І што рукі, якія трымаюць штыкі, не даюць поўнай гарантыі бяспекі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: DW