Лябедзька: Справа супраць Ціханоўскага павінна быць спынена



Крымінальная справа супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых сябраў яго каманды павінна быць спынена і ўсе яны вызваленыя з-пад варты, – кажа дырэктар цэнтру „Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька.

Па яго словах, шэраг беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў праінфармавалі сваіх еўрапейскіх партнёраў аб палітычна матываванай расправе уладаў Беларусі над сваімі апанентамі. А гэта, у сваю чаргу, вядзе да непрызнання прэзідэнцкіх выбараў свабоднымі і справядлівымі, – падкрэсліў Анатоль Лябедзька:

– Непрызнанне гэтых выбараў свабоднымі і сумленнымі – гэта тупік. Гэта пахавае выбарчую кампанію для Аляксандра Лукашэнкі з пункту гледжання міжнароднай легітымацыі. Для нас вельмі важна размаўляць з людзьмі, каб не было і ўнутранай легітымацыі. Тое, што робіць Лукашэнка, у першую чаргу ў адносінах да Ціханоўскага, зробіць гэтыя выбары нелігітымнымі ў вачах істотнай большасці беларусаў. Што трэба рабіць і што робяць людзі? Збіраюць подпісы і за Ціханоўскую, і за Бабарыку. І гэта вельмі важна рабіць у сённяшніх умовах. Плюс, канешне, і акцыі салідарнасці.

Трэба, як мінімум, пісаць лісты да зняволеных, каб яны ведалі, што пра іх памятаюць і змагаюцца за іх волю, – кажа Анатоль Лябедзька.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: DW