Анатоль Ляўковіч: Чэрачэнь можа пачаць працэс аб’яднання сацыял-дэмакратычнага руху



“Рэгістрацыя старшыні партыі “Грамада” кандыдатам у прэзідэнты дае яшчэ адзін шанец пачаць працу па аб’яднанні і ператварэнні беларускай сацыял-дэмакратыі ў рэальную палітычную сілу краіны”, – гаворыцца ў лісце да Сяргея Чэрачэня, які напісаў адзін з ветэранаў сацыял-дэмакратычнага руху Анатоль Ляўковіч.

Палітык прапанаваў Чэрачэню пачаць працэс стварэння адзінай сацыял-дэмакратычнай партыі, бо гэтая ідэйна-палітычная плынь мае добрыя перспектывы ў Беларусі:

– Заўжды была перспектыва і да незалежнасці і асабліва ў часы незалежнасці. Скажам так, што нашаму грамадству больш імпануюць сацыял-дэмакратычная каштоўнасці, чым тыя ж ліберальныя. Гэта правільная тэндэнцыя. Таму патрэбныя свежыя людзі і свежыя ідэі для аб’яднання і аднаўлення беларускай сацыял-дэмакратыі.

На сёння ў Беларусі існуе тры апазіцыйныя сацыял-дэмакратычныя партыі, якія ў сваю чаргу з’явіліся ў выніку некалькіх расколаў сацыял-дэмакратычнага руху. Ляўковіч перакананы, што Чэрачэнь можа стаць аб’яднаўчай асобай.

Беларускае Радыё Рацыя