Андрэй Бандарэнка паскардзіўся ў Генпракуратуру



Каардынатар камітэта па стварэнні праваабарончага аб’яднання “Платформа” Андрэй Бандарэнка звярнуўся са скаргай да генеральнага пракурора.

“Лічым неабходным данесці да ведама Генеральнай пракуратуры грубыя парушэнні правоў і свабод грамадзян краіны, а таксама парушэнні працэсуальанага заканадаўства праваахоўнымі органамі”, – гаворыцца ў звароце.

Андрэй Бандарэнка прыводзіць факты парушэнняў: “1 мая і напярэдадані прайшлі адвольныя затрыманні людзей, якія нагадвалі скраданні невядомымі, што ўтрымлівае прыкметы злачынства. Пасля затрыманняў на працягу 3 гадзін не паведамлялася блізкім пра тое, дзе знаходзіцца чалавек. Адміністрацыя месцаў прымусовага ўтрымання давала зараней ілжывыя звесткі пра месцы знаходжання грамадзян. Экс-кандыдату ў прэзідэнты Уладзіміру Някляеву было адмоўлена ў аказанні кваліфікаванай медыцынскай дапамогі і шпіталізацыі, нягледзячы на пагрозы для яго жыцця і здароўя…”

“Выкладзеныя факты сведчаць аб сістэматычных парушэннях грамадзянскіх правоў і свабод грамадзян Беларусі, – піша Андрэй Бандарэнка. –  Просім вас правесці праверку выкладзеных у скарзе фактаў і высвятліць асобаў, вінаватых у парушэнні дзеючага заканадаўства. Таксама просім прыняць меры па аднаўленні парушаных правоў і законных інтарэсаў грамадзян, прыцягнуць парушальнікаў да ўстаноўленай заканадаўчымі актамі адказнасці”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя