Андрэй Бастунец: Прэзідэнцкая кампанія пачалася…



Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец прагназуе, што ціск на незалежных журналістаў працягнецца.

Нагадаем, што ў апошнія дні адбыліся затрыманні і арышты прадстаўнікоў  незалежных СМІ, многія пакараныя  адміністрацыйнымі арфыштамі.

Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір асудзіў арышты ў Беларусі журналістаў і заклікаў неадкладна ўсіх вызваліць. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве арганізацыі.

Андрэй Бастунец: На тое, што зараз пачалася новая хваля ціску на журналістаў, на маю думку, паўплывала некалькі фактараў, якія сышліся, што называецца, у адным месцы.

Першы фактар – ваенны парад, бо многіх прадстаўнікоў СМІ затрымалі напярэдадні гэтага мерапрыемства. Магчыма, улады вырашылі такім чынам ізаляваць пэўных журналістаў, каб яны не асвятлялі парад, які выклікаў у свой адрас шмат крытыкі не толькі ў беларускіх СМІ.

Другі фактар – гэта прэзідэнцкая кампанія, якая, па сутнасці, ужо пачалася. І пачалася ва ўмовах сітуацыі з каронавірусам, падчас якой людзі таксама пасылаюць шмат крытычных стрэлаў у бок улады, якая правакуе крытыку сваімі дзеяннямі. Натуральна, гэта таксама ўсё асвятляецца незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі.

РР: Ці варта чакаць працягу ціску на журналістаў?

Андрэй Бастунец: Менавіта гэта і прывяло да таго, што журналістаў напярэдадані актыўнай фазы прэзідэнцкіх выбараў вырашылі сур’ёзна прэсануць. Далі такі своеасаблівы сігнал – маўляў, ні перад чым не спынімся.

Адным словам, усе словы пра нейкую лібералізацыю ўладаў аказаліся фэйкам, бо прырода ўлады, як бачым, не змянілася. Яны прыстасоўваюцца да нейкіх патрабаванняў Захада, але ўнутры краіны дзейнічаюць жорстка. Таму ціск на незалежных журналістаў, на маю думку, працягнецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя