Андрэй Дзмітрыеў: Нашая партыя будзе для тых, хто не прымае скрайнасці



Кампанія “Гавары праўду” хоча стварыць “партыю новага тыпу”. На першы этап фармавання адведзеныя паўтара – два гады.

Пра адметнасці будучае партыі распавёў кіраўнік кампаніі Андрэй Дзмітрыеў:

– Для нас важна, каб партыя стала платформай для выказвання палітычнай волі тых, хто не гатовы падтрымліваць скрайнасці, каму аднолькава непрымальны радыкальны нацыяналізм і далучэнне Беларусі да Расеі, хто не гатовы адмовіцца ад любой з частак беларускай гісторыі і культуры і не лічыць правільным выбіраць паміж Усходам і Захадам. Эканамічны рост развіцця рэгіёнаў, выбары мэраў і узмацненне мясцовага самакіравання, сацыяльная справядлівасць і знешнепалітычны нейтралітэт – вось праграмныя асновы для нашай партыі.

Імя для партыі яшчэ не абралі. Па словах Дзмітрыева, арганізацыя будзе мець цэнтрысцкі накірунак. Таксама ён зазначыў, што сярод кіраўнікоў “Гавары праўду” ў рэгіёнах не засталося ніводнага партыйнага чалавека. То бок, новая партыя не збіраецца пераманьваць да сябе сяброў іншых палітычных структураў.

Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя