Андрэй Фёдараў: Эканамічнай супрацы з Ізраілем не атрымалася



У сувязі з рашэннем Ізраіля пра закрыццё амбасады ў Менску, Беларусь, кіруючыся прынцыпам узаемнасці, таксама вымушана распачаць комплекс мер па завяршэнні дзейнасці сваёй дыпламатычнай місіі ў Тэль-Авіве, піша «Заўтра тваёй краіны». Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Як такія крокі паўплываюць на ўзаемаадносіны дзвюх краін, прагназуе палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў.

Па яго словах, Ізраіль тлумачыць свае дзеянні скарачэннем выдаткаў. Мабыць, улады краіны палічылі, што не гэтак выгадна мець справы з Беларуссю ў плане бізнесу, каб тут трымаць пасольства, – адзначае эксперт. Магчыма, у беларускага кіраўніцтва таксама цяпер не назіраецца асаблівай цікавасці ў Ізраілі, мяркуе палітолаг. Гэтыя крокі, адзначае Андрэй Фёдараў, наўрад ці адаб’юцца на ўзаемаадносінах паміж дзвюма краінамі. Бо амбасады зачыняюцца не ў выніку нейкага скандалу, а па меркантыльных меркаваннях. „Прынамсі, гэта не павінна паўплываць на бязвізавы абмен,” – лічыць эксперт.

Беларускае Радыё Рацыя