Андрэй Фёдараў: Масква не дазволіць закрыць мяжу з Захадам



Палітолаг Андрэй Фёдараў распавядае пра тое, на які час могуць быць замарожаны стасункі Беларусі з Захадам.

Андрэй Фёдараў: Беларускія ўлады зрабілі стаўку на тое, каб паказаць Крамлю і грамадству, што быццам бы для краіны ідзе пагроза з Захаду. Натуральна, у такіх умовах стасункі не могуць быць добрымі, і мы ўжо бачым, якая рыторыка гучыць з вуснаў высокіх чыноўнікаў.

Можна прагназаваць таксама, што гэтыя стасункі праз час палепшацца, але невядома, колькі на гэта спатрэбіцца часу – год альбо пяць гадоў.

РР: Лукашэнка нават пагражае закрыць заходнюю мяжу…

Андрэй Фёдараў: Думаю, размова не ідзе пра забарону для перамяшчэння тавараў і людзей. Масква не дазволіць гэта зрабіць, нават калі б нехта гэтага і захацеў. Кошты на якасныя заходнія тавары значна вырастуць, калі будуць ісці ў тую ж Расею ў абыход Беларусі.

А вось палітычныя стасункі паміж Менскам і Захадам могуць яшчэ больш пагоршыцца, хаця на дыпламатычным узроўні, безумоўна, нейкая праца будзе ісці. Не можа не ісці дыялог з краінамі, якія знаходзяцца побач з табой.

Хаця мы бачым, што Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, але не думаю, што гэта ўсё сур’ёзна. Захад стараецца ўводзіць санкцыі, каб не нашкодзіць насельніцтву Беларусі. Увогуле, санкцыі краіна ўжо праходзіла і, трэба сказаць, што гэта не вельмі моцна паўплывала на ўнутраную сітуацыю.

РР: Ці можна параўнаць сённяшнюю сітуацыю з той, што была ў Беларусі пасля выбараў 2010 году?

Андрэй Фёдараў: У нечым яны падобныя, бо тады Захад таксама прыняў санкцыі да беларускіх чыноўнікаў, была замарозка стасункаў. Іншая справа, што зараз жорсткасць і брутальнасць рэжыму пераўзышла ўсе межы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя