Андрэй Фёдараў: У Нагорным Карабаху адбываюцца больш значныя падзеі



Палітолаг Андрэй Фёдараў разважае пра тое, ці пераключыцца міжнародная грамадскасць з крызіснай сітуацыі ў Беларусі на крызіс у Нагорным Карабаху.

Андрэй Фёдараў: З міжнароднага пункта гледжання ў Нагорным Карабаху зараз, безумоўна, адбываюцца больш значныя падзеі, чым у Беларусі, бо там штодзень гінуць людзі. Таму наўрад ці сур’ёзныя палітыкі ва ўсім свеце змогуць з аднолькавай увагай канцэнтравацца і на падзеях у Беларусі, і адсочваць крызіс у Нагорным Карабаху.

Але не думаю, што гэта нешта прынцыпова зменіць. Стаўленне да дзеянняў беларускага рэжыма у многіх заходніх палітыкаў ужо сфарміравалася, таму ніякіх радыкальных пераменаў у настроях не адбудзецца.

РР: Шэраг краін ужо заявілі, што не прызнаюць легітымнасць Лукашэнкі. Наколькі гэта балюча для рэжыма?

Андрэй Фёдараў: Гэта не балюча, але ў маральным плане даволі непрыемна. Хаця не думаю, што непрызнанне вельмі турбуе беларускі рэжым. Не прызналі – і што далей?

У Венесуле таксама шэраг краін не прызналі Мадуру, а ён па-ранейшаму кіруе і застаецца ва ўладзе, таму што ў яго сіла. І ў Беларусі сіла ў беларускага рэжыма, таму і застаюцца пры фактычнай уладзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя