Андрэй Мамікінс: З Беларуссю можна і трэба весці дыялог



Трэба размаўляць, а ізаляцыя Беларусі – не прадуктыўная. У гэтым перакананы еўрадэпутат ад Латвіі, чалец делегацыі Еўрапарламента па Беларусі Андрэй Мамікінс. Ён бачыць добрыя перспектывы ў наладжванні стасункаў з афіцыйным Менскам, а таксама лічыць неабходным паменшыць кошт шэнгенскіх візаў для Беларусаў. Пра гэта ён сказаў журналісту нашага радыё Антону Разумоўскаму ў Еўрапарламенце.

20141212PHT01110_original

РР: Вы сказалі, што з’яўляецеся прыхільнікам больш мяккага падыходу да беларускіх уладаў, перадусім прыхільнікам перамоваў з імі. Ці можаце патлумачыць сваю пазіцыю? І ці ў дэлегацыі Еўрапарламента па перамовах з Беларуссю такіх, як вы, большасць?

Андрэй Мамікінс: Я не гавару па-беларуску. Таму адразу хацеў бы за гэта выбачыцца перад вашымі слухачамі.

Па-другое, ёсць 2 тактыкі: гаварыць і не гаварыць. Тактыку не гаварыць з беларускімі ўладамі, якімі б недэмакратычнымі яны ні былі, Еўрапарламент працягваў апошнія 12 гадоў, калі больш чым на двух скліканнях не было афіцыйнай дэлегацыі, а толькі падкамітэт па правах чалавека 6 гадоў таму ездзіў у Менск. І за гэтыя 6 гадоў, у прынцыпе, мала што змянілася.

Я, напрыклад, прыхільнік другой тактыкі – гаварыць. Сапраўдная палітыка ж робіцца не на прэс-канферэнцыях, перад уключанымі тэлекамерамі, а за зачыненымі дзвярыма. Усё, што я магу сказаць, дык гэта тое, што беларускі бок зацікаўлена слухае тыя рэкамендацыі і меркаванні, якія выказваюць еўрапейскія партнёры. І гэта вельмі добра.

РР: Адна рэч слухаць, а другая – дзейнічаць. Ці ёсць нейкі спіс умоў з боку Еўропы, якіх павінен трымацца Аляксандр Лукашэнка, каб наблізіць сваю палітыку да Еўразвязу?

Андрэй Мамікінс: Па-першае, крок Беларусі па вызваленні палітвязняў – гэта вялікі крок наперад. Яго пераацаніць практычна немагчыма. І вельмі добра, што беларускія ўлады пайшлі на гэта. Бо я сам сустракаўся з роднымі, жонкамі і матулямі палітвязняў у ліпені, а да гэтага ў снежні мінулага года. І немагчыма было без слёз выходзіць з такой сустрэчы. Таму гэты крок – вялікая перамога.

З другога боку, давайце прытрымлівацца тактыкі крок за крокам. Няхай ідзе ўсё паступова. Вядома, спіс рэкамендацый вялікі, але гэта зусім не значыць, па-мойму, што Рэспубліка Беларусь не хоча выконваць гэтых рэкамендацый. Тым больш што гэтыя еўрапейскія рэкамендацыі – сяброўскія: гэта рэкамендацыі партнёра, калегі, а не дыктатара. Я ўпэўнены, што крок за крокам мы вельмі прасунемся ў дэмакратызацыі беларускага грамадства і большай свабодзе беларускіх СМІ, а таксама пашырым спіс кантактаў, што па-ангельску гучыць як “people to people”. Асабліва я разлічваю на праграму абмену студэнтамі і вучонымі з Беларусі і ЕЗ. Думаю, усё гэта нас яшчэ чакае.

РР: Датычна прэсы. Вы сказалі, што бачыце перспектывы развіцця прывытных СМІ?

Андрэй Мамікінс: Ну, напрыклад, некаторыя прыватныя каналы і радыёстанцыі, як ваша Беларускае Радыё Рацыя  ці тэлеканал “Белсат”, можна “лавіць” і на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Але я меў на ўвазе развіццё прыватных СМІ на тэрыторыі Беларусі. Бо форма ўласнасці СМІ не ёсць гарантыяй усяго. Калі камусьці падаецца, што калі канал дзяржаўны, то ён правільны – гэта няпраўда. Бо на дзяржаўных каналах працуюць такія ж журналісты са сваімі поглядамі, са сваім бачаннем свету. Яны гэта бачаць так, як хацелі б распавесці ў сваіх матэрыялах. Але гэта б ажывіла беларускі медыярынак, дало б дадатковую “свежую кроў”. А самае галоўнае – гэта прынесла б беларусам палітру меркаванняў. Бо важна, каб чалавек мог выбіраць, якой крыніцы інфармацыі ён давярае, а якой – не. Нават калі чалавек не давярае ніводнай, то важным ёсць тое, што ён можа слухаць усе гэтыя крыніцы інфармацыі.

РР: Вы ўзгадалі наша радыё і тэлеканал “Белсат”. А ці даходзіць да ЕЗ інфармацыя пра тое, што нашы журналісты затрымліваюцца, абвінавачваюцца ў дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый? Спадзяюся, пытанне рэгістрацыі гэтых СМІ ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі ўздымаецца на падобных сустрэчах?

Андрэй Мамікінс: Я ведаю пра гэту праблему. І паводле беларускага зананадаўства, вы для Беларусі замежныя СМІ. І тое, што вы вяшчаеце на беларускай мове, на жаль, у Беларусі нічога не значыць. Таму вы павінны рэгістравацца. А вас не рэгіструюць. Але гэта той жа чыноўнік, які жыве па інструкцыі: пункт 1 – забараніць, пункт 2 – забараніць, пункт 3 – глядзі пункт 1. Але часам чыноўнікі прыслухоўваюцца да таго, што адбываецца наверсе. І вы не ўяўляеце, што было ў дзяржаўным апараце Беларусі, калі было абвешчана рашэнне Аляксандра Лукашэнкі вызваліць палітвязняў. Інструкцыя зламалася ў чыноўніка! Таму гэтую інструкцыю трэба ламаць.

РР: А ці будуць прызнаныя выбары ў Беларусі?

Андрэй Мамікінс: Вядома, да поўнай свабоды і дэмакратыі Беларусі яшчэ далёка. У прынцыпе, Еўразвяз паставіўся з разуменнем да выбару корпуса грамадзян Рэспублікі Беларусь. І я не думаю, што бліжэйшым часам з’явяцца каардынальныя пратэсты. А калі і з’явяцца, то гэта будуць індывідуальныя пратэсты асобных дэпутатаў, а не агульная пазіцыя ЕЗ.

РР: Ці бачыце перспектывы для Беларусі ў еўрапейскім партнёрстве? І якая пазіцыя ЕЗ датычна размяшчэння ў Беларусі расейскай вайсковай базы?

Андрэй Мамікінс: Што тычыцца пытання супрацы Беларусі і ЕЗ, то Беларусь не брала на сябе шмат забавязанняў, не абвяшчала, што ўступіць у Еўразвяз, як гэта зрабілі Малдова, Украіна ці Грузія. Але тыя галіны і сферы супрацы, якія ёсць, мне падаюцца надзвычай важнымі. Гэта, напрыклад, бяспека харчавання, абмен студэнтамі. І тут важна вырашыць пытанне пашпартоў і бязвізавага рэжыму для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў. Ёсць маленькія крокі, якія б маглі прасунуць нашыя дачыненні. І для Беларусі было б добра рабіць гэтыя крокі, паступова паляпшаць стасункі. Вялікія перамены часам складана “пераварыць” чалавечым розумам.

Другое пытанне тычылася вайсковай расейскай базы. Я разумею ўсю складанасць сітуацыі, у якой апынулася Рэспубліка Беларусь. Таксама я разумею дачыненні, якія звязваюць палітычна Беларусь і расейскую Федэрацыю. Але ў гэтым ёсць свая карысць: з мінусаў заўсёды можна атрымаць плюсы. Так, Беларусь можа быць добрым пасярэднікам у палітычным дыялогу паміж Расеяй і ЕЗ.

А што тычыцца крызісу ва ўсходняй Украіне, то Лукашэнка ўжо зрабіў свой унёсак – даў пляцоўку для менскіх перамоў. І зараз асобнае пытанне, як гэтыя менскія пагадненні ажыццяўляюцца, які бок іх прытрымліваецца, а які не. Але ж вельмі пазітыўна можна ацаніць тую ролю, якую адыгралі беларускія ўлады ў вырашэнні крызісу на ўсходзе Украіны. І вось такой жа пляцоўкай для дыскусіяў можа стаць Беларусь для ЕЗ і Расеі.

РР: Чаму беларусы плацяць за візы 60 еўра? Гэта найбольшы кошт шэнгенскіх візаў. Нават расейцы плацяць менш.

Андрэй Мамікінс: Гэта рэлікт “халоднай вайны”, якая была паміж Еўропай і Беларуссю. Безумоўна, пошліну трэба зменшыць, а з часам, магчыма, увесці спрошчаны рэжым ці бязвізавы для памежных тэрыторыяў Еўрапейскага звязу: гэта Латвія, Літва, Беларусь і Польшча. З часам можна гаварыць і пра поўную адмену віз, але гэта вельмі далёкая перспектыва. Гэта тая несправядлівасць, за якую плацяць і еўрапейскія, і, у большай ступені, беларускія грамадзяне. Я маю на ўвазе такія высокія пошліны за візы. Гэта пытанне стаіць у знешнепалітычнай службе Еўракамісіі на павестцы дня. І я ўпэўнены, што рана ці позна гэтыя пошліны будуць зніжаныя.

Дэлегацыя Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю не была з візітам у Менску 12 гадоў. Сёлета ў чэрвені такі візіт адбыўся. Па словах еўрадэпутата, перамовы ішлі і ў справе беларускіх палітвязняў, якія пасля апынуліся на волі. З гэтага, па словах еўрадэпутата, вынікае, што з Беларуссю можна весці дыялог, і яна прыслухоўваецца да аргументаў еўрапейскіх партнёраў.

Гутарыў Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота europarl.europa.eu 

 

[manual_related_posts]
  • Anonim

    У рускім варыянце ў Латвіі яго прозьвішча пішуць Мамыкін. Варыянт Мамікінс трохі дзіўны. Гэта недакладная калька з латыскай.
    http://www.mixnews.lv/ru/politics/news/2015-11-19/189322

  • http://facebook.com/profile.php?id=100003220486250 Ruslan Zgolich

    ПравильНО хвалите Луку, НО НЕ забывайте ПРО Единственного Сапруднага ПолитЗаключённого на Беларуси, который не нарушал Закона, т.е. ПРО меня…

Комментарии для сайта Cackle