Андрэй Пачобут: Ад Ліліі Ананіч дарэмна чакаюць крэатыву ў інтэрнэце



Лілія Ананіч не падобная да крэатыўнай асобы, – кажа журналіст з Гародні Андрэй Пачобут, каментуючы навіну пра прызначэнне на пасаду міністра інфармацыі былой першай намесніцы міністра. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што на новай пасадзе Ананіч прыўнясе штосьці новае ў работу Міністэрства, перадае БелТА. Але ж паводле Андрэя Пабочута, аккурат гэтага ад яе чакаць не варта. Яна будзе працаваць, як і папярэднік Праляскоўскі, які не змог, напрыклад, пашырыць беларускую ідэалогію ў інтэрнэце.

Андрэй Пачобут:

– Не ўдалося яму стварыць моцную прысутнасць дзяржаўнай ідэалогіі ў інтэрнэце. Я думаю, што гэта галоўная параза Праляскоўскага, але я не думаю, што ў Ананіч нешта ў гэтым кірунку атрымаецца, думаю, што хутчэй за ўсё будзе так, як за Праляскоўскім. Ананіч не падобная да асобы, якая крэатыўная, якая будзе нейкія дзяржаўныя інтэрнэт-праекты прасоўваць, раскручваць і г.д.

Паводле Андрэя Пачобута – новая міністр інфармацыі яшчэ на пасадзе намесніцы адзначылася папярэджаннямі і ціскам на незалежныя СМІ.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя