Узброеныя сілы Беларусі гатовыя да міратворчай місіі ў Данбасе



Пра гэта заявіў на прэсавай канферэнцыі ў Менску міністр абароны Андрэй Раўкоў.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на некалькі ўмоваў, выкананне якіх неабходна дзеля адпраўкі беларускіх міратворцаў у гарачыя кропкі свету.

– Першая ўмова – гэта, канешне ж, рашэнне Савета бяспекі ААН. Акрамя таго, мусіць быць дазвол краіны, куды ўводзяць. Мусіць быць рашэнне краіны, ад якой выдзяляецца гэты кантынгент. У нас, згодна закону, гэтае рашэнне прымае кіраўнік дзяржавы. Кожны чалавек індывідуальна, хто ў складзе міратворцаў можа паехаць у раён выканання гэтых задач, мусіць пісьмова пацвердзіць сваю згоду. Таму пры захаванні ўсіх гэтых умоў мы гатовыя выконваць задачу.

Паводле Андрэя Раўкова, зараз у 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску існуе міратворчая рота са 100 чалавек. Гэта падраздзяленне гатовае выконваць задачы ў любым рэгіёне свету, падкрэсліў міністр абароны Беларусі.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск