Андрэй Рудэнка: Безумоўна, у Беларусі наспелі пэўныя змены ўнутрыпалітычнага характару



Расея зыходзіць з таго, што „толькі беларускі народ і яго легітымныя прадстаўнікі, а не самазваныя „лідары дэмакратычных сіл” і іх заходнія куратары мае права вырашаць лёс сваёй краіны”. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў РФ Андрэй Рудэнка ў інтэрв’ю ТАСС, апублікаваным 10 лютага.

Журналіст адзначыў, што ў 2021 годзе Беларусь рыхтуецца да „нейкай унутрыпалітычнай трансфармацыі, якая прадугледжвае змяненне Канстытуцыі і правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў”, і пацікавіўся ў чыноўніка, чаго Расія чакае ад гэтых выбараў.

„Безумоўна, у Беларусі наспелі пэўныя змены ўнутрыпалітычнага характару, — заявіў Рудэнка. — І беларускія ўлады, як мы бачым, выказалі гатоўнасць пачуць меркаванне канструктыўна настроеных сіл, накіраваных на кансалідацыю грамадства і паступальнае сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё краіны”.

„Наколькі мы разумеем, гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца падчас VI Усебеларускага народнага сходу, запланаванага на 11—12 лютага ў Менску”, — дадаў намеснік міністра замежных спраў.

belapan.by

Фота: МЗС Расейскай Фэдэрацыі