Андрэй Саннікаў: Лукашэнкаўскі рэжым удзельнічае ў гэтай вайне



Госць Рацыі – Андрэй Саннікаў, былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі. З ім размаўляе Махал Андрасюк пра тое, што адбываецца зараз ва Украіне і ролю Лукашэнкі ў гэтых падзеях.

РР: Дыпламатыя не спрацавала. А магла ўвогуле спрацаваць, быў такі шанец?

Андрэй Саннікаў: Маё ўражанне, што там нават мэты не было такой у Крамля, у Пуціна. Гэта была такая маскіроўка тых намераў, якія былі. Таму я прыслухоўваўся да інфармацыі выведкі ЗША, НАТА, якія казалі, што рашэнне прынятае, вайна будзе, што тыя спробы, не спробы нават, а тая хлусня, якую мы чулі, што калі Крэмль заяўляе, што не будзе вайны, то трэба рыхтавацца да вайны.

РР: Яшчэ два-тры дні таму амерыканская выведка прагназавала такія падзе, што будзе сілавая развязка, прычым вельмі жорсткая. Як разгарнуцца падзеі? Якія ў вас меркаванні?

Андрэй Саннікаў: Мы менавіта ўчора абмяркоўвалі, што будзе адбывацца і прыйшлі да высновы, што будзе поўнамаштабная вайна і  што трэба рыхтавацца да зусім іншай сітуацыі. Тое, што людзі кажуць, што “мы прачнуліся ў іншым свеце” – гэта так і адбылося сёння з раніцы. Таму трэба чакаць найбольш небяспечных падзеяў, а менавіта вайны.  Але ж трэба рабіць усё, каб і спыніць гэту вайну. Таму што гэта пачалося з Украіны, а можа ператварыцца сапраўды ў Трэцюю сусветную вайну.

РР: Ёсць яшчэ такі шанец – спыніць?

Андрэй Саннікаў: Так, ёсць яшчэ шанец, таму што ёсць усе магчымасці ў Захада і вялікі патэнцыял, каб увесці жорсткія абмежаванні па ўсіх накірунках, літаральна па ўсіх: эканамічных, фінансавых, палітычных. Зрабіць Расею такім сапраўдным парыем у свеце разам з Лукашэнкам, дарэчы, таму што я падтрымліваю тое, што кажа НАТА: Расея – гэта агрэсар, а садзейнічаў ёй Лукашэнка, які з’яўляецца такім жа злачынцам, як і Пуцін. І вось разам з Лукашэнкам супраць іх трэба прымаць санкцыі, супраць Крамля, і супраць рэжыму Лукашэнкі. Ёсць магчымасці, відавочна ёсць. Будзе вайна ў іх дамах.

РР: Адносна Лукашэнкі. Ён кажа: нашых войскаў ва Украіне няма. А можна верыць Лукашэнку?

Андрэй Саннікаў: Не, нельга. Мы ж ведаем, гэта, як з Крамлём, калі кажа няма – значыць ёсць. Што значыць няма? З тэрыторыі Беларусі пачалася вайна супраць Украіны. Гэта што? Але ён не кіруе, і гэта відавочна, што ён не кіруе ўжо нічым у Беларусі.  І менавіта гэтай вайсковай аперацыяй кіруе Крэмль, але ж паколькі фармальна гэта пачалося з тэрыторыі Беларусі, яго рэжым удзельнічае ў гэтай вайне. Нават не мае значэння, ёсць там нашы войскі ці не. Удзел рэжыму ёсць

РР: Афіцыйным Менскам было сказана, што ранкам Уладзімір Пуцін патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку і праінфармаваў, што адбываецца на расейска-ўкраінскай мяжы. Уяўляеце, праінфармаваў, што адбывацца, калі пачаліся ўжо ваенныя дзеянні. Хто ў гэтым дуэце Лукашэнка?

Андрэй Саннікаў: Гэта відавочна хто – васал, марыянетка. І калі мы пабачым гэтую храналогію, то там пайшла вайсковая аперацыя, і толькі тады, а можа нават і не было гэтага тэлефанавання ўвогуле. Проста, каб захаваць твар, вось так вырашылі падаць інфармацыю. Таму што які сэнс тэлефанаваць і інфармаваць.  А калі паглядзець крыху глыбей, то Пуцін праінфармаваў Лукашэнку пра ваенныя дзеянні супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі.  Гэта і ёсць дакладная інфармацыя таго, што адбылося.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]