Андрэй Стрыжак пра выбары і ваенныя дзеянні ва Украіне



Выбары ў Вярхоўную Раду Украіны паказалі тэндэнцыю да зменаў эліт у прарасейскіх рэгіёнах. Удзельнік гуманітарнага маршруту “Беларуст-АТО” Андрэй Стрыжак, які нядаўна вярнуўся з лініі размежавання ў Данбасе, заўважае, што насельніцтва прыфрантавых раёнаў ускладае вялікія надзеі на міратворчыя намеры новага прэзідэнта і ягоную палітычную партыю “Слуга народа”:

– Вельмі вялікія спадзяванні ўскладаюць і зараз, і перад выбарамі ўскладалі на Уладзіміра Зяленскага. Такі вельмі цікавы момант, які таксама трэба падкрэсліць: на Усходзе сыходзяць рэгіянальныя эліты, тыя, якія былі прадстаўнікамі Партыі рэгіёнаў. Эліты паступова змяняюцца, змяняецца стаўленне. І тое, што “Слуга народу” і сам Зяленскі граюць шмат у чым на полі былых апазіцыйных партый “Апазіцыйны блок” і “Рух за жыццё”, кажа пра тое, што з’явіліся новыя гульцы на прарасейскім электаральным полі.

На думку Андрэя Стрыжака, электаральны поспех Уладзіміра Зяленскага і яго партыі “Слуга народу” можа абярнуцца пад канец ягонага тэрміна кіравання нулявым рэйтынгам, як і ў ягоных папярэднікаў на прэзідэнцкай пасадзе.

У той жа час украінскі Данбас з 21 ліпеня жыве ў рэжыме поўнай забароны на вядзенне агню. Нягледзячы на летняе “бестэрміновае замірэнне”, рашэнне пра якое было дасягнута ў Менску 17 ліпеня гэтага году, на лініі размежаванне кожныя суткі гучаць стрэлы гарматаў і стралковай зброі.

Гомельскі праваабаронца і ўдзельнік гуманітарнага маршруту “Беларусь-АТО” Андрэй Стрыжак, які нядаўна вярнуўся з лініі фронту, зазначае, што ў любы момант ваенныя дзеянні могуць разгарэцца з ранейшай сілай:

– Як толькі быў падпісаны мараторый, сітуацыя значна палепшылася. І зараз з боку некантраляваных Украінай тэрыторый ёсць пэўныя факты абстрэлаў – штодзённа ад аднаго да двух. Але, калі параўноўваць з тым, што было, а там было па 30 – 40 за суткі на ўсю лінію размежавання, і зараз – адзін – два, то гэта, канешне, значная розніца. Але трэба казаць яшчэ пра тое, што гэта далёка не першае такое замірэнне. Далёка не першы раз бакі пагадзіліся больш не страляць, але з часам усё роўна гэтыя пагадненні парушаліся.

Да ўвядзення “бестэрміновага прыпынення агню” на лініі размежавання ў Данецкай і Луганскай абласцях, што распачалося 21 ліпеня гэтага году, бакі некалькі разоў спрабавалі спыніць ваенныя дзеянні ў канцы 2017 года і ў пачатку 2018 года. Аднак ранейшыя спробы да спынення агню не прывялі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]