Андрэйчанка ў Воршы: Прэзідэнт не абражае людзей, гэта проста эмоцыі



Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка сустрэўся ў Воршы з мясцовымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў.

Фота: vtv.by

На сустрэчу індывідуальна – праз тэлефон, і ў выніку ў залі сабралася пад два дзясяткі дэмакратычных актывістаў, а за трыбунай – начальства, у тым ліку прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкама і аршанскага кіраўніцтва.  Спадар Андрэйчанка заявіў, што сустракаецца з дэмакратычнай грамадскасцю на просьбу самога Аляксандра Лукашэнкі: маўляў, той даведаўся, што плануецца інспекцыйны візіт, ці ўзнялася Аршаншчына “з руін і попелу”,  і папрасіў заадно выслухаць “іншадумцаў”.

Спачатку размаўлялі пра гаспадарчыя ды камунальныя праблемы, а потым да Андрэйчанкі пачаліся пытанні палітычнага характару, распавёў прадстаўнік Партыі БНФ Ігар Казмярчак:

– Наконт палітвязняў ён сказаў, што ў нас няма палітычных прысудаў – тое, што і Лукашэнка гаворыць. Было пытанне, чаму прэзідэнт дазваляе сабе хамства. На што Андрэйчанка сказаў: “Увогуле Лукашэнка вельмі добры, проста бывае на эмоцыях”. Гэта выклікала смех у зале.

Уладзімір Андрэйчанка выказаў меркаванне, што сустрэчы ўлады з дэмакратычнымі сіламі маглі б быць рэгулярнымі, скажам, раз у квартал.

 

Мясцовыя ўлады пагадзіліся. Ці будзе з гэтага плён? Разважае Віктар Міхасёў, прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

– Адчынілі акенца, фортачку для нейкага кантакту. Выпусцілі з апазіцыйнага гета, куды ўлады самі і загналі. Калі нельга лігітымна, нармальна, цывілізавана, еўрапейскім шляхам працаваць, каб працавалі ўсе палітычныя інстытуты, тады застаецца такі нейкі крок. А як яны нас пачуюць, я не ведаю.

У большасці актывістаў, якія былі на сустрэчы, склалася меркаванне, што яна невыпадкова адбылася незадоўга да выбараў – гэтак улады дэманструюць  ліберальнасць  і “чалавечы твар”. І сітуацыяй  варта скарыстацца  – вырашыць  хаця б нейкія  праблемы.  Але  “партрэт” сучаснай улады  істотна псуюць падзеі апошняга часу: паўсюдныя суды над актывістамі і затрыманні асноўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск