Анджэй Дуда: Мы ніколі не спынімся падтрымліваць вас



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда па-беларуску прамовіў да беларусаў з нагоды 41-й гадавіны стварэння легендарнага прафсаюза „Салідарнасць”.

Ён нагадаў, што Польшча салідарная з Беларуссю і дае прытулак усім, хто пацярпеў ад беларускага рэжыму.

– Дарагія беларускія сябры! «Салідарнасць» сталася не толькі сімвалам, але і вызначальнікам польскай палітыкі, яе ключавым словам. У гэтыя дні нашыя думкі не толькі з тымі, хто вёў доўгае змаганне з рэжымам. Сёння гэтае змаганне – справа нашых суседзяў беларусаў. Ужо больш чым год Польшча сталася домам для многіх з вас. Вы знайшлі тут абарону ад пераследу, месца, каб працягваюць сваю палітычную і эканамічную дзейнасць, і таксама, маю надзею, знайшлі прыязнасць, разуменне і салідарнасць.

Таксама Анджэй Дуда паабяцаў, што Польшча надалей будзе падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларускага народа.

– Мы ніколі не спынімся падтрымліваць вас, таксама як падтрымліваем палітычных вязняў у Беларусі, незалежна ад іх перакананняў, веравызнання і нацыянальнасці. Беларусь – гэта краіна, якая вельмі важная для нас, палякаў. Беларусь – братні народ, які заслугоўвае на годнае жыццё ў дэмакратычным і учцівым грамадстве. Бо Польшча шануе і разумее Беларусь, а мы, палякі і беларусы, надзвычай блізкія народы. Жыве Беларусь! Няхай жыве братэрства народаў нашага рэгіёну! Няхай жыве салідарнасць!

У апошнія дні жніўня 1980 году страйкавы камітэт новастворанага руху «Салідарнасць» на чале з электрыкам і прафсаюзным актывістам Лехам Валенсам дамогся, здавалася б, немагчымага: камуністычныя ўлады Польшчы пагадзіліся на існаванне незалежных прафсаюзаў. Так пачаўся адлік гісторыі, які прывёў да краху таталітарнай камуністычнай сістэмы і ідэалогіі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя