Ангела Меркель у Варшаве сустрэлася з кіраўніцтвам Польшчы



Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель знаходзіцца з візітам у Варшаве. Яна правяла сустрэчу з прэм’ер-міністрам Польшчы Бэатай Шыдла і прэзідэнтам Анджэям Дудам.

Прэм’ер-міністар Польшчы і канцлер Нямеччыны шмат месца ў перамовах прысвяцілі тэме Еўразвязу. Пасля сустрэчы Ангела Меркель сказала, што з’яўляецца праціўнікам таго, каб “дзяліць членаў Еўразвязу на лепшых і горшых”. Паводле яе, у еўраструктуры не павінна быць “нейкіх эксклюзіўных клубаў, куды доступ для іншых будзе закрыты”.

У сваю чаргу прэм’ер-міністар Бэата Шыдла падкрэсліла неабходнасць рэфармавання Еўразвязу. “Мы лічым, што Еўразвяз павінен развівацца і ўзмацняцца, але павінна павялічыцца роля членаў структуры ў прыняцці рашэнняў”, – сказала Шыдла, адзначыўшчы таксама вялікую ролю польска-нямецкіх дачыненняў.

– Польшча і Нямеччына, гэта вельмі важныя партнёры. Маем шмат супольных двухбаковых узаемных дачыненняў.  Як эканамічных, так і тых, якія звязаныя з нацыянальнай бяспекай. Маем шмат супольных тэмаў, якія вырашаем супольна на еўрапейскім ўзроўні. Ладзім супольна таксама  гуманітарныя праекты. Гэта ўсё сведчыць аб тым, што Польшча і Нямеччына – гэта важныя дзве дзяржавы, якія супрацоўнічаюць, якія з’яўляюцца суседзямі, і залежыць нам на тым, каб гэтае партнёрскае супрацоўніцтва было яшчэ больш шчыльным.

Падчас сустрэчы кіраўнікоў нямецкага і польскага ўрадаў было абмеркавана таксама пытанне сітуацыі на Усходзе Украіны і еўразвязаўскіх санкцыяў у дычыненні да Расеі. Як адзначыла Ангела Меркэль, здымаць санкцыі з Расеі пакуль рана, бо сітуацыя на Усходзе Украіны застаецца нездавальняючай, а ўмовы менскіх пагадненняў не выконваюцца. Прэмʼер-міністр Польшчы Бэата Шыдла падтрымала гэтую пазіцыю Берліна.

Беларускае Радыё Рацыя