Анісім: Калі скасуецца незалежная краіна Беларусь, нас чакае „вайна”



Калі ў выніку меркаванага падпісання Александрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным 8 снежня інтэграцыйных пагадненняў „скасуецца незалежная краіна Беларусь, нас чакае „вайна”, заявіла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім 27 лістапада на адкрытай сустрэчы, арганізаванай Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

„Грамадству нельга расслабляцца, – лічыць яна. – Да 8 снежня, канешне, трэба быць гатовым, разумець, што і як можна зрабіць. Гэта можа быць акцыя, безумоўна, выхад на вуліцы не выключаны„.

Алена Анісім, не верыць таму, што кажуць пра беларуска-расейскія інтэграцыйныя планы Аляксандр Лукашэнка і чыноўнікі.

Яны так і не расказалі, [што канкрэтна прапісана ў інтэграцыйных дамоўленасцях], і на мой запыт не расказалі, толькі заспакойвалі, – патлумачыла яна прычыну сваіх сумневаў. – Вось калі заспакойваюць, гэта не вельмі добра. Людзям, якія кажуць адное, а потым робяць іншае, ужо не верыш„.

У канцы 2018 года Масква ініцыявала больш цесную інтэграцыю Расеі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы. 6 верасня прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў парафіявалі праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы (праграму паглыбленай інтэграцыі), да якой прыкладаецца 31 дарожная карта ў розных сферах і галінах.

Дарожныя карты плануецца зацвердзіць 8 снежня ў Маскве – у дзень 20-годдзя падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]