Анна Дынэр: Будучыня Лукашэнкі залежыць ад Расеі
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэнуцца 9 верасня ў Маскве. Гэту дату яны ўзгаднілі падчас тэлефоннай размовы. Як вынікае з паведамленняў афіцыйных СМІ – яны яшчэ раз абмяркуюць саюзныя праграмы, падрыхтаваныя ўрадамі дзвюх краін, а таксама іншыя актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня і міжнародную праблематыку.
Але найперш Аляксандру Лукашэнку чарговы раз ад Пуціна патрэбныя грошы, прыгадвае эксперт Анна Дынэр з Польскага інстытуту міжнародных спраў:
– Відавочна, што Расея мае найбольшы ўплыў на Лукашэнку. Еўразвяз можа рабіць тое, што можа рабіць. З аднаго боку дапамагаць беларусам, з другога, уводзіць санкцыі на рэжым. Таму будучыня Лукашэнкі найбольш залежыць ад Расеі, ці знойдуцца грошы на ўтрыманне рэжыму, і ці далей будзе Пуцін палітычна падтрымліваць Лукашэнку.
Папярэдняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адбылася 13 ліпеня і доўжылася амаль пяць з паловай гадзін. Падчас сустрэчы Лукашэнка заявіў, што на Менск ціснуць з боку Захаду праз санкцыі. Тады ён сказаў, што спраўляцца з гэтым ціскам атрымліваецца толькі дзякуючы падтрымцы Расеі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
