Нунцый: Ватыкан і Беларусь не адмовіліся ад ідэі заключыць канкардат



Ні Ватыкан, ні Беларусь не адмовіліся ад ідэі заключыць міжнародны канкардат, заявіў у эксклюзіўным інтэрв’ю БелаПАН апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

„Так, праца над канкардатам не скончаная, але яна абсалютна дакладна і не адмененая. Намер заключыць міжнароднае пагадненне паміж Ватыканам і Беларуссю пастаянна выказваецца”, — падкрэсліў дыпламат.

Паводле слоў Пінтэра, пытанне заключэння канкардату вельмі складанае, бо гэта „тэхнічны юрыдычны дакумент, а не проста намер ці жаданне бакоў напісаць некалькі старонак і падпісаць іх”. „Яго павінны тысячу раз праверыць, таму што ён уплывае на юрыдычныя дэталі ў заканадаўстве краіны. Канкардат прадугледжвае шырокае пагадненне, якое ўлічвае мноства тонкіх пытанняў. Напрыклад у сацыяльным жыцці гэта служэнне святароў у турмах, у войску, у школе, — растлумачыў кіраўнік дыппрадстаўніцтва Святога пасаду. — Усе дэталі павінны быць прапрацаваныя беларускімі міністэрствамі — замежных спраў, унутраных спраў, адукацыі, сацыяльнай абароны. Аналагічныя ведамствы з нашага боку павінны вывучыць усе пытанні, падрыхтаваць і пераправерыць тэкст, і толькі потым мы можам падпісаць гэты дакумент„.

Ватыкан заключыў канкардат з многімі краінамі, але ў апошнія 30-50 гадоў такая форма міжнароднага дакумента дастаткова рэдкая з’ява, адзначыў арцыбіскуп Пінтэр. Сёння, паводле яго слоў, часцей заключаюць дамовы, якія закранаюць канкрэтныя тэмы паасобку. „Значна прасцей разабрацца спачатку з адным пытаннем, а потым перайсці да іншага„, — дадаў дыпламат.

Я не ведаю, які шлях Беларусь і Ватыкан выберуць у выніку, — сказаў ён. — Я ў курсе, што было зроблена шмат падрыхтоўчай працы, але канкардат да гэтага часу не заключаны. Так склалася менавіта з-за юрыдычных дэталяў, якія надзвычай важныя ў такога роду пагадненнях. Для мяне і нунцыятуры вырашэнне пытання аб канкардаце з’яўляецца такой жа важнай задачай, як для МЗС Беларусі і іншых зацікаўленых міністэрстваў„.

Адносіны паміж Ватыканам і Мінскам апостальскі нунцый назваў „вельмі правільнымі і добрымі”, але, дадаў ён, бакам „заўсёды ёсць над чым працаваць”. Арцыбіскуп Пінтэр таксама падкрэсліў, што дыпламатыя Ватыкана скіраваная не толькі на каталікоў, якія жывуць у той ці іншай краіне. „Мы заўсёды імкнёмся працаваць з усім грамадствам па многіх сацыяльных пытаннях, у тым ліку па правах чалавека„, — сказаў ён.

Я магу запэўніць, што ў нас наладжаны вельмі добры кантакт з беларускімі ўладамі. За той непрацяглы тэрмін, які я тут знаходжуся, я адчуў гнуткасць ўрада Беларусі. Там вельмі адкрытыя людзі, з якімі можна размаўляць пра любыя рэчы. Я таксама адчуў адкрытасць вашага прэзідэнта„, — заявіў Пінтэр.

Паводле яго слоў, галоўныя каштоўнасці і асноўныя задачы, якія ставяць перад сабой Беларусь і Ватыкан, напрыклад, у знешняй палітыцы, „у той ці іншай меры супадаюць”. „Абедзве нашы дзяржавы хочуць быць адкрытымі для ўсяго свету, хочуць выбудаваць добрыя, мірныя адносіны са сваімі суседзямі і іншымі краінамі„, — падкрэсліў арцыбіскуп Пінтэр.

Прадстаўнік Ватыкана таксама перакананы, што каталіцкая царква ў Беларусі не абдзеленая ўвагай з боку дзяржавы.