Арганізацыі грамадзянскай супольнасці заклікалі Вярхоўны суд дзейнічаць у межах Канстытуцыі



У сувязі з накіраванымі кандыдатамі ў прэзідэнты скаргамі на пастанову ЦВК аб канчатковых выніках выбараў арганізацыі грамадзянскай супольнасці заклікалі Вярхоўны суд дзейнічаць у межах Канстытуцыі. Адпаведны зварот публікуе сайт РГА „Прававая ініцыятыва”.

„Мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі, звяртаемся да Вярхоўнага суда як апошняй інстанцыі ў пытаннях выбарчых скаргаў, — гаворыцца ў звароце. — Артыкул 112 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь загадвае, што суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю іншых нарматыўных актаў. У адпаведнасці з артыкулам 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны”.

Аўтары звароту нагадваюць, што Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і абавязалася забяспечыць любой асобе, правы і свабоды якой парушаныя, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калі гэта парушэнне было здзейсненае асобамі, што дзейнічалі ў афіцыйнай якасці.

Беларусь таксама павінна гарантаваць, заяўляюць аўтары звароту, каб права на прававую абарону для любой асобы, якая патрабуе такой абароны, усталёўвалася кампетэнтнымі судовымі, адміністрацыйнымі або заканадаўчымі ўладамі або любым іншым кампетэнтным органам, прадугледжаным прававой сістэмай дзяржавы, і развіваць магчымасці судовай абароны.

„У Вярхоўны суд альбо ўжо паступілі, альбо ў найбліжэйшы час паступяць. У адпаведнасці з Канстытуцыяй гэтыя скаргі павінны быць прынятыя да разгляду, — гаворыцца ў звароце. — Мы спадзяемся на бесстароннасць, незалежнасць і кампетэнтнасць Вярхоўнага суда. Прыняўшы скаргі да разгляду, вы дасце надзею беларускаму народу на прававое вырашэнне існуючых рознагалоссяў у гэты няпросты час”.

Зварот падпісалі кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве „Х’юман канстанта”, РПГА „Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, ініцыятыўная група „Ідэнтычнасць і права”, Беларускі дом правоў чалавека імя Б.Звозскава, РГА „Прававая ініцыятыва”, праваабарончы цэнтр „Прававая дапамога насельніцтву”, ПЭН-Цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі, кансорцыум „ЕўраБеларусь”, Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі, грамадскія аб’яднанні „Экадом” і „Цэнтр сацыяльных інавацый”.

belapan.by