Армянскія парламентарыі выступаюць за выключэнне Беларусі з АДКБ



Дэпутаты армянскага парламента асудзілі выдачу 7 лютага Беларуссю Азербайджану расейска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына, затрыманага ў Менску 14 снежня мінулага года па запыце Азербайджана. Улады гэтай краіны аб`явілі яго ў міжнародны вышук па лініі Еўрапола за незаконнае наведванне Нагорнага Карабаха. Яму таксама інкрымінуюць „публічныя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы”. Лапшыну ў Азербайджане пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Як паведамляе Armenpress, парламентарыі, у прыватнасці, лічаць, што экстрадыцыя была праведзеная з парушэннем міжнародных нормаў і правоў чалавека.

„ЕАЭС і АДКБ, а таксама Беларусь — як саюзніцкая дзяржава, пачынаюць губляць аўтарытэт у вачах армянскага грамадства, і тут Расіі ёсць над чым задумацца”, — заявіў дэпутат Нацыянальнага сходу Арменіі Самвел Дарманян.

Дэпутат Наіра Заграбян назвала дзеянні Беларусі нахабствам і бяспрыкладным цынізмам. Яна гатовая галасаваць за прыпыненне членства Арменіі ў АДКБ да прававога вырашэння пытання.

А яе калегі Грант Барграцян і Ваграм Багдасаран прапанавалі паставіць пытанне аб выключэнні Беларусі са складу АДКБ.

БелаПАН

Фота haqqin.az