Асамблея патрыятычных сіл Беларусі: Мусім яднацца!



Беларускім патрыётам наспеў час яднацца. У Менску прайшла Асамблея патрыятычных сіл Беларусі, ініцыятарам якой стала Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя БНФ. Прычынай заклапочанасці стала правядзенне беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2017”.

Перад ваеннай пагрозай Расеі ўсе беларускія партыі і рухі мусяць з’яднацца ў абарону незалежнасці Беларусі, кажа намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Сяргей Папкоў.

– Мы выступілі з прапановай не аб’яднаць партыі, а аб’яднаць усё грамадства ў накірунку дзеяння абароны Бацькаўшчыны. Усё грамадства. Не толькі партыі. Зараз трэба беларусам, якія рупяцца пра сваю будучыню, пра сваю дзяржаву адкінуць усе рознагалоссі і ўключыцца ў гэтую працу.

У працы Асамблеі патрыятычных сіл Беларусі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Партыі БНФ. Правядзенне Асамблеі было прыўрочанае да 26-й гадавіны надання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР статусу канстытуцыйнага закону.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя