Беларусь і Бангладэш абмеркавалі пытанні супрацы
Чацвёрты раўнд беларуска-бангладэшскіх кансультацый паміж МЗС адбыўся ў рамках візіту намесніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Дапкюнаса ў Бангладэш.
Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, першыя кансультацыі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін адбыліся ў 2000 годзе, папярэднія — у Мінску ў 2018 годзе.
Бангладэшскую дэлегацыю ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Камрул Ахсан. У яе таксама ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, пошты, інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій, мясцовага самакіравання, развіцця сельскіх рэгіёнаў і кааператываў, адміністрацыі спецыяльных эканамічных зон.
Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковага і шматбаковага парадку дня, узаемадзеянне Беларусі і Бангладэш у рамках міжнародных арганізацый. „Асаблівая ўвага нададзеная прапрацоўцы міждзяржаўных кантактаў на высокім узроўні, — адзначаецца ў паведамленні. — Падчас перамоваў былі абмеркаваныя перспектывы супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, у тым ліку абмен вопытам у галіне селекцыі сельскагаспадарчых культур, інфармацыйнай і тэлекамунікацыйнай галінах, вышэйшай адукацыі”.
Бангладэшскі бок звярнуў увагу на важнасць устойлівых паставак беларускіх калійных угнаенняў у Бангладэш і вывучэння магчымасці патэнцыйнага нарошчвання іх аб’ёмаў.
Намеснікі міністраў абмеркавалі магчымасці для ўключэння беларускіх таваравытворцаў ва ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Бангладэш у галінах эканомікі, якія маюць крытычна важнае значэнне для краіны, сярод якіх механізацыя сельскай гаспадаркі, адаптацыя сельгастэхнікі пад малыя фермерскія гаспадаркі і мясцовы клімат, мадэрнізацыя цукровых вытворчасцяў, спрыянне ў пашырэнні экспартнага патэнцыялу бульбаводства ў Бангладэш.
Фота mfa.gov.by
