Беларусь і ЕЗ правядуць 17 ліпеня ў Менску пяты раўнд дыялогу па правах чалавека



Дэлегацыю ЕЗ узначаліць кіраўнік аддзела па двухбаковых адносінах з краінамі Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель, дэлегацыю Беларусі — намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка. У яе складзе будуць работнікі МЗС і іншых профільных міністэрстваў. Прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці і недзяржаўных арганізацый Беларусі таксама возьмуць удзел у мерапрыемстве.

Бакі разгледзяць шырокі спектр пытанняў, звязаных з правамі чалавека і дэмакратыяй як у Беларусі, так і ў ЕЗ, абмяркуюць супрацоўніцтва ў прасоўванні правоў чалавека на міжнародных пляцоўках, у тым ліку з дапамогай механізмаў ААН.

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак паведаміў БелаПАН, што запрошаны на тую частку сустрэчы, якая будзе прысвечаная свабодзе асацыяцый.

У прадстаўніцтве ЕЗ адзначылі, што Еўрасаюз адводзіць пытанням правоў чалавека цэнтральнае месца ў сваіх знешніх адносінах і вядзе дыялогі па правах чалавека з многімі краінамі па ўсім свеце. Гэтыя дыялогі ляжаць у аснове знешніх адносін ЕЗ і з’яўляюцца ключавой часткай яго агульнай стратэгіі, скіраванай на садзейнічанне ўстойліваму развіццю і забеспячэнне міру і стабільнасці. У 2001 годзе Савет Еўрапейскага саюза прыняў прынцыпы кіравання дыялогаў па правах чалавека з трэцімі краінамі, якія былі перагледжаныя ў 2009 годзе. „Цвёрда грунтуючыся на ўніверсальных нормах, палітыка ЕЗ у сферы правоў чалавека фармуецца зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца ў кожнай канкрэтнай краіне, — гаворыцца ў паведамленні. — ЕЗ заўсёды імкнецца да канструктыўнага ўзаемадзеяння з трэцімі краінамі і таму працягвае пашыраць свае дыялогі па правах чалавека і кансультацыі з краінамі-партнёрамі, імкнучыся забяспечыць выніковасць гэтых дыялогаў”.

Чацвёрты раўнд дыялогу па правах чалавека адбыўся 20 ліпеня мінулага года ў Бруселі. Дэлегацыю Еўрасаюза ўзначальваў дырэктар-кіраўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Томас Майр-Хартынг. У яе ўвайшлі прадстаўнікі ЕСЗД і Еўрапейскай камісіі. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка. У яе складзе былі прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў і юстыцыі.

Бакі абмяняліся думкамі аб сітуацыі з правамі чалавека як у Беларусі, так і ў ЕЗ. Паводле інфармацыі прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі, асаблівая ўвага была нададзеная праблеме свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый, выбарчых правоў, смяротнага пакарання, рэформе пенітэнцыярнай сістэмы, антыдыскрымінацыйнай палітыцы, гендарнай роўнасці і барацьбе з гвалтам у сям’і.

belapan.by