Беларусь і Расея не падпісалі пагадненне аб узаемным прызнанні віз
Беларусь і Расея не заключылі пагадненне аб узаемным прызнанні віз, якое, як анансавалася, будзе падпісана прэм’ер-міністрамі Сяргеем Румасам і Дзмітрыем Мядзведзевым 13 снежня на пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы ў Берасці.
„Сёння мы не падпісвалі візавае пагадненне. Беларускі бок да пасяджэння Саўміна не паспеў скончыць унутрыдзяржаўныя працэдуры. Думаю, што ў найбліжэйшы час мы іх скончым, і пагадненне будзе гатова да падпісання”, — прыводзіць словы Румаса журналістам па выніках пасяджэння сайт расейскага ўрада.
„Сёння падпісана шмат розных дакументаў, адзін з іх, пра які сказаў Сяргей Мікалаевіч, не падпісаны, але спадзяюся, што ў найбліжэйшы час усе працэдуры будуць завершаны і гэты дакумент будзе гатовы да падпісання. Тым больш што ён прысвечаны вельмі важнай праблематыцы, над якой мы працавалі ў апошні час”, — сказаў у сваю чаргу Мядзведзеў.
Беларусь і Расея ўзгаднілі тэкст пагаднення аб узаемным прызнанні віз у канцы лістапада. Праект гэтага дакумента прадугледжвае, што замежныя грамадзяне, якія маюць візу адной краіны, могуць уязджаць, выязджаць і знаходзіцца на тэрыторыі іншага боку на працягу тэрміну дзеяння візы. Для знаходжання на тэрыторыі Беларусі і Расеі не трэба будзе атрымліваць дзве візы — дастаткова будзе адной.
Пры гэтым замежнікі, якія прыязджаюць у Беларусь у рамках бязвізавага рэжыму, для наведвання Расеі павінны будуць атрымліваць адпаведную візу.
Як паведамлялася раней, Менск настойвае, каб пагадненне аб узаемным прызнанні віз набыло моц да 20 траўня 2019 года з улікам таго, што з гэтага часу пачынае дзейнічаць перыяд бязвізавага ўезду ў Беларусь для замежных грамадзян, якія маюць акрэдытацыю на II Еўрапейскія гульні.
Расейскі бок у сувязі з дзеяннем дамовы паабяцаў зняць кантроль у сваіх аэрапортах на рэйсах з Беларусі, бо ў ім не будзе неабходнасці.
Падрыхтаванае пагадненне таксама прадугледжвае інтэграцыю інфармацыйных рэсурсаў: абмен звесткамі аб перасячэнні мяжы, аб выдадзеных візах, ануляваных візах, дазволах на часовае альбо пастаяннае пражыванне.
