Беларусь і Расея рыхтуюць пагадненне аб узаемным прызнанні віз



Беларусь і Расея рыхтуюць міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні віз, паведаміў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў на прэс-канферэнцыі па выніках сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расеі 5 чэрвеня ў Маскве.

„Мы завяршаем, я спадзяюся, узгадненне міжурдавага пагаднення, якое будзе прысвечанае ўзаемнаму прызнанню віз і ўзгодненасці дзеянняў па іншых пытаннях, якія звязаныя з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы”, — заявіў Лаўроў на прэс-канферэнцыі, якая транслявалася на сайце МЗС РФ.

Акрамя таго, адзначыў ён, ужо ўзгоднены і выносіцца на зацвярджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы план мерапрыемстваў па фарміраванні адзінай міграцыйнай прасторы на найбліжэйшыя тры гады.

„Я лічу, што гэта нас сур’ёзна прасуне ў вырашэнні пытанняў, якія цяпер узнікаюць у дачыненні да памежнай зоны, — сказаў Лаўроў. — Гэтыя зоны не маюць ніякага дачынення да абмежавання свабоды перамяшчэння нашых грамадзян. Яны азначаюць толькі адно — паколькі мяжы не існуе, замежныя грамадзяне, для якіх патрабуецца віза, каб трапіць у Расію, павінны нейкім чынам зафіксаваць факт перасячэння гэтай мяжы. Я перакананы, што гэтая праблема будзе вырашацца. Прафесіяналы знойдуць магчымасць зрабіць так, каб рашэнне было знойдзенае”.

belapan.by