Беларусь і Расея шкадуюць пра выхад ЗША з Дамовы па адкрытым небе



Беларусь і Расея шкадуюць пра рашэнне ЗША выйсці з Дамовы па адкрытым небе (ДАН), гаворыцца ў сумеснай заяве дзвюх краін, тэкст якой абнародавала беларускае МЗС.

Заява зробленая ў сувязі з правядзеннем 6 ліпеня ў фармаце відэасувязі канферэнцыі дзяржаў- удзельніц дамовы, на якой будуць разгледжаныя наступствы выхаду з ДАН Злучаных Штатаў Амерыкі. У мерапрыемстве возьмуць удзел усе дзяржавы – удзельніцы гэтага шматбаковага механізму.

Беларусь і Расея лічаць, што выхад ЗША з Дамовы па адкрытым небе «здольны нанесці сур’ёзныя страты архітэктуры агульнаеўрапейскай бяспекі і сістэме дамоўленасцяў у сферы кантролю над узбраеннямі».

«Рэспубліка Беларусь і Расейская Федэрацыя, якія складаюць групу дзяржаў – удзельніц у рамках ДАН, гатовыя да раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу, накіраванага на пошук комплекснага вырашэння праблем выканання дамовы, без ультыматумаў і пры ўліку ўсімі бакамі інтарэсаў і заклапочанасці адзін аднаго», – гаворыцца ў заяве.

«Пры вызначэнні і рэалізацыі нашай далейшай лініі ў дачыненні да ДАН мы будзем цесна супрацоўнічаць у межах групы дзяржаў – удзельніц дамовы, кіруючыся мэтамі падтрымання міжнароднай стабільнасці, павышэння эфектыўнасці і жыццяздольнасці дамовы за кошт умацавання даверу паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі і з улікам забеспячэння інтарэсаў бяспекі Беларусі і Расеі», – адзначаецца ў заяве дзвюх краін.

Дамова па адкрытым небе, якая была падпісаная ў 1992 годзе і набыла моц у 2002 годзе, дазваляе свабодныя палёты няўзброеных разведвальных лятальных апаратаў у паветранай прасторы краін-падпісантаў (усяго іх 34). 21 мая ЗША заявілі пра выхад з дамовы праз шэсць месяцаў. Вашынгтон неаднаразова абвінавачваў у яе невыкананні Расею.

БелаПАН