Беларусь і Сербія гатовыя да развіцця дыялогу



Паміж Беларуссю і Сербіяй няма ніякіх рознагалоссяў ні ў адной са сфер супрацоўніцтва, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пасля сустрэчы з першым віцэ-прэм’ерам – міністрам замежных спраў Сербіі Івіцам Дачычам, які знаходзіцца з візітам у Менску.

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што Беларусь падтрымлівае цэласнасць Сербіі і вітае намаганні яе кіраўніцтва па нармалізацыі сітуацыі ў Косаве і Мятохіі:

– Мы паспяхова ўзаемадзейнічаем у міжнародных арганізацыях. Мы падтрымліваем адзін аднога на выбарах у разнастайныя структуры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Мы абмеркавалі перспектывы нашага ўзаемадзеяння ў межах Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе – гэта вельмі важна таму, што Сербія з 1-га студзеня наступнага года прымае на сябе старшынства ў гэтай арганізацыі.

У сваю чаргу сербскі міністр зазначыў, што дзве краіны маюць планы па ўдасканаленні і развіцці эканамічных адносінаў, закліканыя павялічыць узаемны тавараабарот да 500 млн. даляраў. Сербія, паводле слоў Дачыча, высока ацэньвае ролю Беларусі ў рэгіёне, у тым ліку яе міратворчыя ініцыятывы.

БелаПАН