Беларусь наведае ваенная інспекцыйная група з Францыі



З 25 па 29 сакавіка Рэспубліку Беларусь наведае інспекцыйная група Французскай Рэспублікі. Як паведамляе Мінабароны Беларусі, візіт арганізаваны ў адпаведнасці з палажэннямі Венскага дакумента 2011 года і Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ).

У прыватнасці інспекцыйная група наведае Паўночна-Заходняе аператыўнае камандаванне Сухапутных войскаў, а таксама правядзе інспекцыю адной з воінскіх часцей (па выбары інспектараў), якая з’яўляецца аб’ектам кантролю згодна з палажэннямі ДЗУСЕ.

Падчас наведвання будзе ацэненая інфармацыя, пададзеная Беларуссю дзяржавам — удзельніцам АБСЕ ў межах Венскага дакумента 2011 года ў дачыненні да асабовага складу, асноўных сістэм узбраення і ваеннай тэхнікі камандавання, паведамляе абароннае ведамства.

Мэта інспекцыі ў рамках ДЗУСЕ — праверка адпаведнасці наяўнасці на правяраным аб’екце кантролю абмежаваных дагаворам узбраенняў і ваеннай тэхнікі іх заяўленай колькасці.

У інспекцыйных мерапрыемствах акрамя сямі французскіх ваенных інспектараў возьмуць удзел па адным ваенным інспектары з Германіі і Польшчы.

Таксама 28 сакавіка ў Менску адбудзецца рабочая сустрэча прадстаўнікоў узброеных сіл Беларусі і Францыі па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне кантролю над узбраеннямі. На ёй плануецца абмеркаваць пытанні рэалізацыі міжнародных дагавораў у галіне кантролю над узбраеннямі ў 2019 годзе і ўзгадніць мерапрыемствы двухбаковага супрацоўніцтва на 2020 год.

belapan.by