Беларусь не вызначылася з датай перамоў з ЕЗ па спрашчэнні візавага рэжыму



Дакладная дата пятага раўнда перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўразвязам яшчэ не вызначана, паведаміла журналістам кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын 12 верасня ў Менску.

„Пакуль няма дакладнай даты, мы чакаем адказу ад МЗС Беларусі”, — сказала яна. Пры гэтым Віктарын падкрэсліла, што Еўразвяз „гатовы да гэтых перамоў”.

30 ліпеня Еўрапейская камісія афіцыйна запрасіла Беларусь на пяты раўнд перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. З улікам таго, што папярэдняя сустрэча адбылася ў Менску, удзельнікам перамоў на гэты раз прапанавана сустрэцца ў верасні ў Бруселі. Еўракамісія выказала гатоўнасць працягваць перамовы, каб завяршыць іх як мага хутчэй. „Еўрапейскі саюз рашуча нацэлены на ўмацаванне свайго ўзаемадзеяння з народам Беларусі і яе грамадзянскай супольнасцю. Спрашчэнне візавага рэжыму актыўна будзе садзейнічаць развіццю кантактаў паміж людзьмі, што дасць магчымасць не толькі развіваць асабістыя сувязі, але і ўзмацніць узаемадзеянне паміж кампаніямі на карысць нашых эканомік”, — заявіў еўракамісар па пытаннях міграцыі, унутраных спраў і грамадзянства Дзімітрыс Аўрамопулас.

Перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйна пачаліся ў студзені 2014 года. Апошняя сустрэча адбылася ў чэрвені 2017 года ў Менску. Па яе выніках было заяўлена аб дасягненні „значнага прагрэсу, у прыватнасці, у дачыненні да будучага пагаднення аб рэадмісіі”. „Калі пагадненні будуць заключаны, яны зробяць працэдуры выдачы Еўрапейскім саюзам кароткатэрміновых віз беларускім грамадзянам больш простымі і таннымі, а таксама дазволяць Беларусі лепш забяспечваць рэадмісію сваіх грамадзян, якія не маюць права знаходзіцца на тэрыторыі ЕС”, — гаварылася ў паведамленні прэс-службы Еўрасаюза.

У чэрвені гэтага года падчас візіту ў Менск еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні ЕЗ Ёханес Хан заявіў, што перамоўны працэс паміж Беларуссю і Еўрасаюзам па пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур можна было б паскорыць. „Мне не хацелася б каментаваць перамоўны працэс, — сказаў ён. — Я мяркую, калі ёсць добрая воля з абодвух бакоў, мы тады можам не прайсці, а прабегчы апошні кіламетр. Можна было б паскорыць гэты канчатковы працэс прыняцця рашэнняў”.

Гаворачы аб планаваным павышэнні кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра, Хан падкрэсліў, што ЕЗ і Еўрапейская камісія не зацікаўленыя ў тым, каб „зрабіць візавыя пытанні крыніцай даходу”. „Наша мэта — забяспечыць хуткую выдачу віз. Тут ёсць пэўныя ўмовы, але мы не маем намеру зарабляць на гэтым грошы”, — сказаў ён.

Раней паслы краін — членаў ЕЗ ухвалілі мандат Еўракамісіі на пачатак перамоваў з Еўрапарламентам аб унясенні змяненняў у Візавы кодэкс. Сярод запланаваных змен — устаноўка перыяду падачы візавых заявак не пазней чым за 15 дзён да паездкі і павелічэнне консульскага збору з 60 да 80 еўра. Павышэнне збору не закране тых краін, з якімі ў ЕЗ падпісаны пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур і для якіх кошт шэнгенскіх віз складае 35 еўра.

belapan.by