Беларусь падорыць Венесуэле лекі на 442 тыс. рублёў



 Беларусь бязвыплатна накіруе ў Венесуэлу 32 найменні лекавых сродкаў на 442.013 рублёў 34 капейкі (паводле падлікаў БелаПАН, 181.351 упакоўку). Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета міністраў ад 11 верасня „Аб аказанні дапамогі Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла”. Дакумент апублікаваны 13 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У вартасным выражэнні больш за ўсё ў гэтай лекавай партыі будзе максанідыну (антыгіпертанічны сродак) — на 104.500 рублёў, плевілоксу (супрацьмікробны) — на 96.120 рублёў і вітадэну (кроплі для вачэй) — на 65.436 рублёў.

У фізічным выражэнні найбольшую долю зоймуць вітадэн — 68.880 упаковак, цытрамон — 24.000 і максанідын — 15.000.

Міністэрству аховы здароўя даручана „забяспечыць водпуск на бязвыплатнай аснове і афармленне лекавых сродкаў для аказання дапамогі Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла”. Адказным за водпуск лекавых сродкаў вызначаная кіруючая кампанія холдынга „Белфармпрам”.

Беларуская гандлёва-прамысловая палата абавязаная „на бязвыплатнай аснове аказаць садзейнічанне Міністэрству аховы здароўя ў афармленні сертыфікатаў свабоднага продажу на лекавыя сродкі” для перадачы іх Венесуэле.

Міністэрству транспарту і камунікацый неабходна забяспечыць дастаўку лекаў у краіну, Міністэрству замежных спраў — аказаць садзейнічанне ў перадачы лекаў.

Канцэрну „Белнафтахім” даручана забяспечыць выдзяленне вытворчым аб’яднаннем „Беларуснафта” арганізацыям Мінтранса сродкаў для пакрыцця кошту транспартных і лагістычных паслуг, звязаных з дастаўкай лекаў у Венесуэлу.

belapan.by